——— 29 ———
Асаблівы характар мае гадоўля жывёлы па той бок паўночнай мяжы дрэў у тундрах Лапаршчыны й Пячорскага краю. Там, як мы ўжо ведаем, гадуюць паўночных аленяў, ад якіх залежыць усё жыцьцё тамтэйшых насельнікаў, бо алень там і корміць, і поіць, і апранае, і возіць чалавека. Апрача гадоўлі паўночных аленяў насельнікі крайняй поўначы займаюцца паляўніцтвам і рыбацтвам.
Морскае паляўніцтва: лоў нэрпаў, маржакоў і кітоў пераважвае па берагох Ледаватага мора; сухаземнае паляваньне мае значэньне асобнага промыслу перш за ўсё ў тайзе, дзе да гэтага часу б’юць шмат вавёрак, куніц, лісаў, мядзьведзяў і іншых хутровых зьвяроў.
У іншых месцах Эўропы паляваньне зрабілася толькі забавай, уцехай і ня мае ніякай прамысловай значнасьці.
Рэчнае рыбацтва дае добры даход і зьяўляецца важнай галіной народнай гаспадаркі толькі на ўсходзе, асобліва на паўднёвым усходзе ў вусьцях Волгі і Ўралу, а таксама на паўночным усходзе ў вадазборы Пячоры й Паўночнай Дзьвіны. Затое морскае рыбацтва мае вагу паўсюды, і што-год пашыраецца. Нязьлічаныя запасы рыбы маюць Ледаватае мора й Атлянтычны акіян. Мільёны пудоў траскі, селядцоў, камбалы ловяць на паўночным беразе Лапаршчыны ў г. зв. Мурманшчыне, у Норвэгіі, Шотляндыі й г. д. Шмат тунцоў і сардын ловіцца ў Міжземным моры, у Біскайскай затоцы, на паўвостраве Брэтані. Да морскага рыбацтва можна далучыць і лоў рыбы ў Касьпійскім возеры, якое адзначаецца надзвычайным багацьцем яе. Апрача рыбы ў морах Заходняй і Паўнёвай Эўропы ловяць вустрыц (каштоўных ядобных мяккуноў), ракаў-омарыў, крэвэтак і г. д. Насельнікі ўзьбярэжжаў Эгэйскага мора (Архіпэлягу) зьбіраюць з дна мора губкі.
Усе гэтыя промыслы: земляробства, гадоўля жывёлы, паляўніцтва й рыбацтва належаць да сельскіх заняткаў. Усе яны патрабуюць для свайго разьвіцьця вялікіх прастораў зямлі або вады й найлепей пашыраюцца там, дзе людзі жывуць рэдка. Такі характар маюць яшчэ лясныя заняткі. У Сярэдняй, Паўднёвай і Заходняй Эўропе, як мы ўжо бачылі, лясоў засталося мала. Затое там у тых лясох, якія захаваліся, чалавек пазаводзіў правільную навукова-пастаўленую лясную гаспадарку. Лес падзялілі на дзялянкі, кожную дзялянку высякаюць толькі тады, як дрэвы на ёй дасягнуць патрэбнага ўзросту. Аднак лясоў там так мала, што й пры пільным даглядзе лясоў дрэва не хапае на мясцовыя патрэбы.
Недахват дрэва ў Паўднёва-Заходняй Эўропе і ў стэпе задавальняецца прывозам лесу з поўначы і з Беларусі. Там ляснай гаспадарка стаіць горай, чымся на захадзе, лясы высякаюцца без парадку, але там дрэва яшчэ многа й пакуль-што яго хапае на ўсю Эўропу. Асабліва многа дрэ-