Старонка:Geografija Eŭropy. Pradmova Ahlad.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Старонка праверана

——— 28 ———

ліннасьці Эўропы, рыс. 6). Гародніцтва пашырана яшчэ болей за садоўніцтва. На далёкай поўначы, дзе ўжо не расьце збожжа, у Ісляндыі, Лапаршчыне й Пячорскай тундры, нават і там могуць расьці капуста, бульба і іншыя расьліны, калі іх добра даглядаць на гародах. У густа залюдненых краінах, дзе зямля дужа каштоўная, гародніцтва набывае асабліва вялікую вагу і іншы раз зусім выціскае засевы збожжа. У Паўднёвай Эўропе гародніну сеюць нават узімку пад зімовыя дажджы, каб сабраць ураджай у тыя часы, калі ў Сярэдняй Эўропе гародніны няма — яе там з ахвотай купляюць. Апроч звычайнага гародніцтва ў Паўднёва-ўсходняй Эўропе займаюцца, так званым, баштанствам. На вялікіх прасторах стэпу сеюць дыні й кавуны, значную частку якіх потым вывозяць у Сярэднюю і Паўночную Эўропу.

Толькі ў самых сухіх мясцовасьцях Паўднёва-Усходняй Эўропы па-за Донам, асабліва каля берагоў Касьпія, зусім немагчыма ані гародніцтва, ані якія іншыя віды земляробства. Там, напрыклад, у калмыцкім стэпе пануе вандроўны спосаб жыцьця. Толькі гадоўля жывёлы дае тамака магчымасьць жыць бедным насельнікам, якія пераходзяць з месца на месца ў шуканьні дрэннай травіцы для жывёлы. Болей за ўсё там трымаюць коняй, авечак і, паміж іншым, гэтак званых, курдзючных авечак з тлустымі, грубымі хвастамі. Там можна спаткаць і тыповую жывёлу пустыняў — вярблюда. У большай частцы Эўропы гадоўля жывёлы зьяўляецца другарадным заняткам, цесна злучаным з галоўнай галіной сельскай гаспадаркі — ральніцтвам. Трымаюць як працоўную, гэтак і малочную жывёлу, трымаюць дзеля гною, дзеля працы ў полі, дзеля мяса, дзеля воўны, дзеля малака й скуры. У Заходняй Эўропе, дзе з прычыны перавагі шматпалёўкі значная частка ральлі засяваецца травой, магчыма трымаць лепшую жывёлу і параўнаўча з прасторай у большай колькасьці, чымся на ўсходзе.

Гадоўля жывёлы пераважвае над земляробствам па горных лугох у Альпах, Карпатах, Пірэнэях, дзе трымаюць малочнае быдла, а таксама ў Дынарах, Апэнінах, у Цэнтральна-Францускім узвышшы, дзе больш гадуюць дробную жывёлу — авечак і коз, бо благенькая трава тамтэйшых вапнавых грунтоў не здавальняе быдла й коняў. Наагул, у горах залежнасьць гадоўлі жывёлы ад земляробства меншая, як на раўнінах. Тут гадоўля скаціны, як і ў Калмыцкім стэпе, мае самастойны характар. Увясну і ўлетку скаціну гоняць у горы й пасьвяць па высокіх горных лугох; а ўвосень і ўзімку з пачаткам сьцюдзёных дзён зноў гоняць на ніз у даліны. Гэтыя вандраваньні пастухоў з іх статкамі з далін угару й з гор уніз набылі назоў альпійскай пастухоўскай гаспадаркі. Гадоўля жывёлы пераважвае над іншымі сельскімі заняткамі таксама ў такіх краінах, дзе занадта вільгатны клімат перашкаджае ўзрастаньню збожжа. Голяндыя, Брэтань, Вялікабрытанія й Ірляндыя маюць лугоў і сенажацяў болей, чымся ніў, і славяцца найлепшымі гатункамі ўсялякай жывёлы. Авечак вельмі многа гадуюць у Ісляндыі, на Фарэрскіх астравох, у Скандынавіі, Шотляндыі й наагул ува