——— 26 ———
Ды й стравы чалавеку там патрэбна меней, чымся ў халаднейшых мясцовасьцях, дзе яе болей ідзе на аграваньне цела і падтрыманьне сталай тэмпэратуры крыві.
Найвялікшай гушчынёй залюдненьня адзначаюцца прамысловыя краіны Заходняй Эўропы (Бэльгія, Паўночна-Заходняя Ангельшчына і інш). Праўда, там зямля ня лішне ўраджайная, свайго збожжа там не хапае для пражыўленьня вельмі густога насяленьня, але затое там залягаюць вялікія паклады каменнага вугалю, жалезнай руды і іншых карысных мінэралаў. Дзякуючы гэтым пакладам, там утварылася шмат гутаў і фабрык. Вырабы гэтых фабрык можна абмяніць на недахватную колькасьць спажыўных продуктаў, якія прывозяцца з іншых старонак. З гэтай прычыны ў Бэльгіі гушчыня залюдненьня дасягае 260 ч. на кв. клм., а ў некаторых прамысловых ваколіцах Пн.-Зах. Ангельшчыны нават 460 ч. і болей.
Гаспадарка. У параўнаньні з іншымі старонкамі Эўропа адзначаецца вельмі добрым становішчам усіх галін народнае гаспадаркі. У сельскай гаспадарцы хіба толькі Кітай перавышае яе па ўменьню ўгнойваць зямлю