Старонка:Geografija Eŭropy. Pradmova Ahlad.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

——— 23 ———

расьліннасьць зусім мала ўплывае на краявід. На месцы лясоў зьявіліся нівы, вёскі й гарады; сенажаці й палі замянілі прасторы нечапанага стэпу. Яшчэ меней, чымся дзікія расьліны, кідаюцца ў вочы дзікія жывёлы. Нават па самых глухіх месцах рэдка калі можна ўбачыць дзікага зьвера. Адны з сучасных зьвяроў хаваюцца па мярлогах, з якіх вылазяць толькі ўночы, калі іх ня можа сустрэць чалавек, другія жывуць у такіх нетрах і немярэчах, што й самы лоўкі паляўнічы рэдка калі можа падсачыць іх. Затое паўсюды на месцы дзікіх зьвяроў пасьвяцца дамовыя жывёлы: коні й быдла, авечкі й козы, сьвіньні й хатнія птушкі. Усе гэтыя зьмены ў расьлінным і зьвярыным сьвеце Эўропы зрабіў чалавек. Ні ў аднэй частцы сьвету дзейнасьць чалавека не выяўляецца ў такой меры, як у Эўропе. Тутака чалавек паўсюды ўплывае на краявід, зьмяняе і, можна казаць, творыць яго. Нельга ўявіць сабе эўропэйскі краявід бяз удзелу ў ім чалавека. У нашай частцы сьвету чалавек і вынікі яго працы кідаюцца ў вочы перш за ўсё й болей за ўсё. Аднак, хаця чалавек сам творыць зьмены ў краявідзе, сам уплывае на прыроду, ён з свайго боку й сам залежыць ад гэтай прыроды, працуе ў тым ці іншым напрамку ў залежнасьці ад асаблівасьцяй яе, будуе тыя ці іншыя хаты, тыя ці іншыя паселішчы, вырабляе тыя ці іншыя продукты, жыве рэдка або густа, дасягае вышэйшай або ніжэйшай ступені культуры.


Рыс. 8. — Карта народаў Эўропы.


Рыс. 8. — Карта народаў Эўропы.