——— 22 ———
-што паўсюды, і толькі ў нас на Беларусі ў Белавескай пушчы, пад аховай закону, ён захаваўся да самых апошніх часоў. Другі капытнік — дзікая каза або алень-казуля — таксама мала дзе захаваўся ў Эўропе, але на беларускіх пушчах дзікіх коз яшчэ многа па густых немярэчах. У парках Заходняй Эўропы ў стане напалову свойскага зьвера трымаюць яшчэ звычайнага аленя, дужа прыгожага зьвера, кроўнага ласём і дзікім козам. Дзік або кабан любіць жыць па дубнякох, сустракаецца, між іншым, і ў нас, напр., у Меншчыне. Бабры, хаця й рэдка, да сяго часу трапляюцца на Беларусі, але ўжо зьніклі ў іншых краёх Эўропы. Да жывёл мяшаных лясоў Эўропы належыць і вожык, які адгэтуль распаўсюджыўся, бязмаль па ўсіх куткох нашае часткі сьвету. З мясажэраў па мяшаных лясох, апроч лічаў, мядзьведзяў і ваўкоў, спатыкаюцца выдры, барсукі й дзікія каты (апошнія жывуць аднак толькі ў Заходняй Эўропе й не заходзяць нават у суседнюю з ёй Беларусь). Асаблівыя жывёлы водзяцца на высокіх горах: у Альпах, Карпатах, Пірэнэях. Маленькімі статкамі тамака па горных лугох пасьвяцца дзікія казлы-туры і антылёпы-серны; з дробных сысуноў грызуны-бабакі жывуць каля самай сьнегавой мяжы, а на вярхох гор гнязьдзяцца арлы-ягнятнікі.
У стэпавых краінах жывуць пераважна такія жывёлы, якія могуць або шпарка бегаць і такім спосабам уцякаць ад сваіх ворагаў, або рыць сабе пячуркі ў зямлі, каб схавацца ад небясьпекі. Сьвістуны або аўражкі (сусьлікі), розныя палявыя мышы, хамякі — асабліва тыповыя зьвярочкі стэпу, у якім іх лічаць за вельмі дакучных шкоднікаў збожжа. З птушак у стэпе жывуць вялікія шпарка бегаючыя дропы-дудакі, стрэпеты, кроншнэпы, далей перапёлкі, курапаты, жаўранкі, якіх палююць драпежнікі: стэпавыя арлы, каршуны, сокалы. Ад таго часу, як чалавек павысякаў лясы й перавярнуў іх на штучны стэп — нівы, шмат якія стэпавыя жывёлы прабраліся далёка на поўнач, так што аж каля вусьцяў Паўночнай Дзьвіны можна пачуць сьпевы жаўранка і голаснае бульканьне перапёлкі. Мусі быць з стэпу паходзяць і шарак і крот, звычайныя жывёліны нашых краёў. Адразу кідаецца ў вочы ў стэпе багацьце сустаўчатаногіх: конікаў, шаранчакоў, шкодных кусьлівых тарантулаў і скорпіонаў.
Паўднёвая Эўропа па сваім зьвярыным сьвеце мае шмат супольнага з Афрыкай. Даўней там трапляліся нават львы і гіэны, ды яшчэ й цяпер над Гібральтарскай пратокай на Пірэнэйскім паўвостраве жывуць бясхвостыя малпы «маго». У паўднёвай частцы Апэнінскага паўвострава сустракаюцца іглакі, крышку падобныя да нашага вожыка (але яны належаць да грызуноў). На Балканскім паўвостраве трапляюцца сабакі-шакалы, на астравох Сардынія й Корсіка — дзікі баран-муфлон, на Пірэнэйскім паўвостраве яшчэ невялічкі мясажэр генэта афрыканскага пахаджэньня. Паўсюды ў Паўднёвай Эўропе жыве шмат розных вужак і яшчарак, у тым ліку хамелеонаў з даўгім чарвяпадобным языком і зьменным колерам скуры.
Люднасьць. У сучаснай Эўропе засталося ўжо мала лясоў, а нечапаны стэп зрабіўся поўнай рэдкасьцю. У некаторых мясцовасьцях дзікая