Старонка:Geografija Eŭropy. Pradmova Ahlad.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

——— 20 ———

гэтак званыя салянкі, што могуць жывіцца салонай вадой. Глебы ў палынавым стэпе ўжо не чорназемныя, а так званыя бурыя, з малым процантам перагною, або насякнутыя сольлю саланчакі.

Паўднёвая Эўропа, дзе маразоў ня бывае, але летнія сухмені яшчэ мацнейшыя, як у стэпе, адзначаецца перавагай вечназялёных дрэў. Лісьце гэтых дрэў мае тоўстую скурачку, якая засланяе мякіш ліста ад параваньня.

Увясну, пасьля зімовых дажджоў, дрэвы й кусты, гэтак званай, Міжземнаморскай Эўропы красуюць кветкамі рознага колеру, зелянеюць прыгожымі бліскучымі лістамі і маюць асабліва прыемны харошы выгляд. Улетку лісты пакрываюцца пылам і маюць няпрыгожае шараватае адценьне.

Калісь расьлі там вялікія вечназялёныя лясы, але з даўных часоў людзі павысякалі іх, і яны замяніліся хмызьнякамі — гэтак званымі макісамі, у склад якіх уваходзяць олеандры, мірты, ляўры, магноліі, сунічныя дрэвы й г. д. Вялікія дрэвы сустракаюцца тутака толькі пад аховай чалавека, як напалову культурныя расьліны. Сюды належаць з ігластых: купрэс, міжземнаморская хвоя, з ліставых — корачны й каменны дубы, а асабліва тыпова для краю краснае алейнае дрэва, з пладоў якога выціскаюць гэтак званы прованскі алей.

Глеба Паўднёвай Эўропы, гэтак званы чырвоназем, зьмяшчае многа вапны і падмешкай жалеза афарбована ў чырвоны колер.

Урадлівасьць гэтае глебы меншая за ўрадлівасьць чорназему, але дзякуючы цёпламу клімату, пры штучным абвадненьні там бываюць ураджаі нават яшчэ лепшыя.

Жывёлы. Жывёлы, асабліва зьвяры й птушкі, якія маюць заўсёды роўную тэмпэратуру крыві, меней залежаць ад клімату, чымся расьліны. Некаторыя з жывёл, што на волі жывуць у напаленых сонцам гарачых пустынях, лёгка могуць вытрымаць вельмі сьцюдзёныя зімы, напрыклад, у зоолёгічных садох Ленінграду або Масквы. З другога боку, зьвяры й птушкі лягчэй могуць перасяляцца з месца на месца, бо маюць здольнасьць самастойна перасоўвацца — бегаць або лётаць. Тымчасам, як расьліны, што растуць абапал вялікіх горных ланцугоў, звычайна належаць да розных відаў і гатункаў, жывёлы меней залежаць ад такіх прыродных перашкод, бо могуць пераходзіць праз самыя высокія горы, праз пустыні, а часамі праз рэкі і нават морскія пратокі. Аднак жывёлы залежаць ад колькасьці спажывы. Болей за ўсё спажывы яны знаходзяць у раўніковых лясох, і з гэтай прычыны там іх асабліва многа. У тундры, наадварот, расьліннасьць скудная, спажывы мала, а дзеля таго і жывёл там меней. Можна сказаць, што разьмяшчэньне жывёл залежыць ад разьмяшчэньня расьлін, бо расьліны зьяўляюцца іх галоўнай спажывай. Некаторыя жывёлы дапасаваліся да жыцьця выключна ў якім-небудзь адным расьлінным згуртаваньні — у лесе, у стэпе, у тундры або ў пустыні. Праўда, часта тундравыя жывёлы су-