Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сцэна V

Камісар (адзін, думае і, крыху пачакаўшы, пахаджваючы, гаворыць). Хоць і ведаю спосаб мыслення нашага пана, яго пыху і пагарду простым людам, але як падумаю, што ён хутка сюды прыедзе, нейкая трывога закрадаецца ў маю душу. Калі ён, барані Божа, даверыцца пану Дабровічу, о! то згуба мая немінучая. Той патрапіць выкрыць такія ўчынкі, якія не толькі месца мяне пазбавяць, але яшчэ і тое, што мне з ласкі Стварыцеля нехаця звалілася ў рукі, патрапіць адабраць; а трудна будзе расстацца з справядліва сабраным грошам. Хіба ж мая ў тым віна, што маю вялікую слабасць да сакрэтных спекуляцый панскім дабром? Яшчэ б усім патрапіў замыліць вочы, каб не той пракляты навочны сведка ўсіх маіх учынкаў, той Шчырэцкі, звольнены прыгонны мужык, пакінуты пры двары з панскай ласкі. О калі б я мог папярэдзіць і як-небудзь ачарніць яго перад нашым панам, каб яго выгнаў! (Думае.) Шкода мне толькі дачкі яго, якая, ад дзяцінства застаючыся пры дачцэ пана Пісара, так выхавалася і так міленька цяпер выглядае! Нават не дурная, вельмі не дурная - ба! чы не разумнейшая толькі за маю жонку? Хоць тая лічыць сябе мудрэйшаю тут ад усіх. Ой, каб мог я як-небудзь тую птушачку збаламуціць! Смачны кавалак! Не ведаю толькі, як доўга тут яна забавіцца. Падазраю, ці не лагчыцца да яе сам пан Дабровіч? Бо ўжо кадучна соладка на яе пазірае; нават ён яе сюды і прывёз. Але ж і я зух, не абы-што! далажу ўсякіх спосабаў: каб той пончык прысвоіць, буду прасіць, пагражаць, ставіць сіллё; а калі мне не ўдасца, тады і бацьку і дачку пастараюся як належыцца падцукраваць. Але не трачу надзею: бо быў бы я вялікі прастак, калі б не патрапіў падашукаць нейкай там вясковай дзяўчыны! Спрабую нарэшце таго спосабу, што ўжываюць па гарадах, перад якім і свецкія жанчыны, што далёка больш маюць алею і хітрасці, саступіць мусяць.

Спеў

№ 3

Калі прыгожай дзяўчыне
Павабнасць свету засвеціць, —