Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хор

Трасцянку п'юць! што за камета?
Чы гэта мор, чы канец света?
Ой, бяда ж будзе, бяда і г. д. (Паўтараюць)

Ціт (кажа). Да вас, куме! (П'е да Войта і падае яму.)


Навум. Знаеш прымаўку? пій, да розуму не прапій. (Бярэ кілішак і п'е.)

Ціт. Скажы нам, каралёк, да што гэта за камета?

Навум. Баш! які ты цікун, хочаш ведаць аб камеце. Да што вам аб гэтым талкаваць, калі гэта такое вельмі бальшое дзіва, такое вялікае, што я аб нём і сам нічога не праведаў і сказаць не магу. Знаеш прыгаворку: чаго ж бы плакаў слеп, каб відзеў свет? Да і я б не дзівіўся, штоб ведаў. Дагадаўся толькі, што нам, пэўне, горшай катаргі не будзе, якую ад Камісара цярпім. Бо знаш прымаўку: і адсюль гарачо, і адтуль балячо. А калі яна к нам прыйдзе, то, пэўне, на бяду нашага гада Камісара: бо штось ён вельмі цяпер у кулак затрубіў; а лётае! а бегае! як бы блёкату наеўся. А Яснавяльможны пан Пісар так на яго накрычаў, што аж мне ў вушах і цяпер звініць.

Ціт. А дай Бог, штоб яго ад нас нячыстая выгнала сіла! Бо калі ён далей так над намі здзекавацца не перастане, то ўсе духі вытрасе. Кажуць, што мужык хіцёр, ураг сваім панам і іх абмануе. Як жа нам быць шчырымі, калі яны з-пад ногця кроў нам высысаюць і, як з гадам, з мужыком абходзяцца. А мы ж такі апошніх сіл дабываем, штоб на іх прыхаці зарабіць.

Навум. Маўчы, Ціт! Не наша дзела аб гэтым гаманіць. Знаеш прымаўку: і сцены маюць вушы. Ты гамоніш, а ён шмых - і тут! Ведаеш пры́павесць: ты з варот, а ён чэраз плот; аб воўку памоўку, а ён тут; ой, не вер нікаму, а ніхто не абмане. Бо як пачуе чы даведаецца Камісар, то і скура будзе ў рабоце, і апошнюю авечку адбярэ. Ляпей прышчамі зубамі язык і кланяйся нізка, пакуль яго мяцеліца ад нас вымеце; бо знаш? пакорнае цялятка дзве маткі ссець.


Іцка. Ну, Ціт! цы маес ты гросы?

Навум. Калі маеш грошы, то не будзеш босы.

Іцка. Ой! мой ты Навумка! І я сказу прымаўку: музык піець, як у леецку ліець; а як прыйдзецца плаціць, то, як дурань, маўцыць. Цы гэтак добра?