Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АКТ II

Сцэна I


Сад, у якім дзве альтаны па баках.

Наперадзе сцэны — дрэва, каля яго — лаўка з дзёрну, а на ёй спіць Ціт.

Навум (калі падымаецца заслона, спявае).

№ 1
Добра вучыць нас прымоўка:
Цягаў воўк, пацяглі воўка.
Цішком нас пан к сабе зваў,
Аб Камісару пытаў.
Мы ж языка не шчадзілі,
Добра яму засалілі.
Цяпер пан на яго зол,
Наёжыўся, як сакол.
Досыць жа яму нас мучыць.
Добра прыгаворка учыць:
Папаўся, наш пане жучку,
Да ў панскую ты ручку.
Ты намі паневяраў,
Апошняе выдзіраў;
Цяпер мы, паганску сыну,
Дадзім добра чосу ў спіну!
Бо што будзе, тое будзе,
Саўка на куце не будзе.

(Кажа.) Ой так! На што наважым, на то наважым, а яго адсюль, як мятлой, вымецем. Я пярвей маўчаў: але як пан пачаў распытываць, прыпомніў сабе прымаўку: горш, калі баішся, і ліха не мінеш і надрыжышся; бяды ж горшай не будзе; дай ну ж пець ды выспевываць усю праўду. У пана аж вушы павялі. Думаю сабе: сем бед, да адзін атвет. Чаго тут маўчаць? Чы ты мяне калі напаіў, чы накарміў? Добра гутарка кажа: ніколі я ў цябе брухам стол не адсунуў і маўчаць не буду. Ой! пане Камісару! Куды кінь, то клін. Цяпер пайду да кума да падсяду добра каля Югасі.