Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нябожчык стары пан, дай яму Бог круляванне на тым свеце, быў нам як родны бацька; хлеба, солі нікаму не жалеў. Не адзін дармаз’ед за яго сталом распіразаў бруха. Будзь і ты яму схожы. Тагды спраўдзіцца прымаўка: яке дрэва, такі клін; які бацька, такі сын. Мы ж табе будзем праўдаю і вераю служыць; усё, што маем, усё з радасцю табе аддадзім, бо і святая прыгаворка кажа: аддай Боскае Богу, панскае пану. Толькі ж ты, наш каралёк, не пакідай нас болі: бо хто ж сірот у злой прыгодзе ратаваць будзе? Прымаўка кажа: да Бога высока, да Пана далёка. Прымі жа, Пане, на гасцінец лубку мёду. Дай Бог, штоб жыццё тваё між намі было, як ён, со́ладка. Да штоб табе давялася жонка, як галубка, ціха, як авечачка, прыгожа, як красачка. Да будзь жа меж намі весел, як сват на вяселі, здароў, як вада, а багат, як зямля. Даруй, Вяльможны Пане, можа, якім слаўцом і загнявіў цябе; але ж мей увагу на тое, што мужык — дурань, як умее, так і пее. (Пацірае чупрыну і адыходзіць углыб.)

Кароль. Дзякую вам, ад сэрца дзякую! (Убачыўшы падыходзячую Юлію, убок да Яна кажа.) Але вось і яна. Напэўне, падаруе мне свае кветкі.

Юлія (нясмела падыходзячы з кошыкам, кажа). Перш чым павіншаваць цябе з шчаслівым паваротам, дазволь мне, пане, папрасіць прабачэння за надта смелае захаванне маё пры першай сустрэчы нашай.

Кароль. Наадварот, я бласлаўляю той выпадак, што даў мне найпрыемнейшую хвіліну ў маім жыцці.

Юлія. Пан вельмі добры; бо ці ж можа нейкая бедная сялянка ўпрыемніць хвіліны таму, хто звык у светных парыжскіх таварыствах бавіць свой час у аднолькава як карысных, так і вясёлых забавах? Але абмінаючы гэта, дазволь мне, пане, падараваць табе кошык кветак. Гэта падарунак дзяўчат з твайго каралеўства. Прымі яго з шчырым сэрцам і выслухай чулыя просьбы сваіх падданых: застанься тут з намі і шукай асалоды ў шчасці тых, для якіх, пасля Бога, ты найдаражэйшы.

Кароль. І гэта праўда? І ты разам з імі падзяляеш іхнія пажаданні?

Юлія. Пане! успомні мае словы пры першай сустрэчы з табою; я не крывадушная. Яшчэ не ведаючы пана, ахвяравала яму найпрыгажэйшую ружу з маіх кветак.