Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Юлія. Пане!... Каханка ніводнага не мела, а скажу шчыра, што мы, сялянкі, тым рознімся ад вялікіх пань, што ніякай не маем хітрасці. Што сэрца чуе, тое без страху гавораць нашыя вусны. Але пусці мяне, пане! Трэба спяшацца ў двор, каб разам з сялянамі прывітаць тутэйшага дзедзіча, які хутка павінен да нас прыехаць. Там грамада сялян нецярпліва чакае, каб выказаць пачуцці свае прывязанасці да таго, хто будзе ім замест бацькі.

Кароль. Ніколі не спадзяваўся знайсці ў простай сялянцы столькі думак і такіх узнёслых! Але скажы мне, мой анёлак, для каго нарвала гэтых кветак? Ці не дасі хоць адну кветачку і мне на памяць тых звычаёвых навук, якія мне міла будзе захаваць вечна ў сваёй душы разам з вобразам ахвяравальніцы.

Юлія. Гэтыя кветкі прызначыла я ў падарунак таму, каго любіць лічу сваім абавязкам: складу іх ля ног сына дабрачынца нашага пры павіншаванні яго з шчаслівым вяртаннем на родную зямлю.

Кароль. Хіба ты даеш свае падарункі толькі тым, кім сэрца тваё занята?

лія. Але, мой пане! Хіба ж я не казала, што мы, сялянкі, заўсёды шчырыя? Што вусны нашыя толькі тое паўтараюць, што ім гаворыць сэрца?

Кароль. Аднак жа зважай, прыгожая дзяўчына, што той падарунак з твае рукі, якога я прашу, найчысцейшую і наймілейшую прынясе для сэрца майго радасць. Але... як жа, дасі мне хоць адну кветачку?

Юлія. А чаму ж не? Няхай пану будзе гэтая палявая ружачка. (Бярэ з кошыка ружу і, даючы яе Каролю, наіўна схіляецца ды выбягае.)

Сцэна XIV

Тыя ж без Юліі.

Кароль. Незвычайнейшая дзяўчына! Праўдзіва, не магу апамятацца ад здзіўлення з самога сябе! Міжволі закахаўся ў нейкую сялянку... я, каторы дагэтуль лічыў іх за быдла, цёмнае, нічым неўлагоджанае! О цуд! Што ж бы на гэта сказалі парыжскія прыгажуні?