Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сцэна XII

Кароль, Ян і Навум за дрэвам.

Кароль. Вось мы і ў канцы нашай падарожы. Сапраўды, калі ўспомню, што гэта тое месца, дзе трэба будзе пражыць канец свайго жыцця, то аж сэрца сціскаецца. О, чаму край наш дагэтуль яшчэ не можа набраць тае цывілізацыі, якою вызначаецца Францыя? Тут усё так панура! так глуха!

Ян. А карчмы, карчмы, пане дабрадзею, то чыстыя хлявы! ніякай выгоды! У Францыі кожная аўстэрыя як палац! У кожнай чалавек як у раі! Віна па вушы! А тут, даруй, Божа, найменшай выгоды! Не шукаючы далёка, глянь толькі, пане, на нашую карчму.

№ 7

Вось для выгады карчма вам!
Вокны чуць відаць з гразішчы;
Мілы вецер свістам жвавым
Цераз шчэліны скрозь свішча;
Брудны выгляд у шынкаркі;
На стале бутэлькі, чаркі;
Жыжка з іх на стол сцякае;
Шабасоўка чуць міргае;
Жыды сноўдаюць, як здані;
Стары рэбе штось мямляне;
Селянін ляжыць пад лаўкай,
П’яны, рваны, нерухавы;
Яго жонка, чуць жывая,
Каля печы спачывае,
Дзіцё ядам з грудзі пое!
Вось абраз галытні тое.

(Кажа.) І мы ж тут, пане, прыгожыя дні нашай маладосці змарнаваць маем? От лепей прадай, пан, сваю фартуну, і далей уцякайма да нашага неба, да ўлюбёнага нашага Парыжа!

Кароль. О, калі б можна было гэта зрабіць! калі б мне акалічнасці дазволілі! А тым часам буду старацца: бо гэта праўда, паміж нашых мядзведзяў не выжыву! І што за прыемнасць, проша пана, з мужыкамі? Гэта ж быдла, і нічога болей.