Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Юлія. Убачыш, мой войча, што ўдасца мне перамога; і тым слаўнейшай будзе, што ў постаці нейкай сялянскі, з тае касты людзей, якімі ён пагарджае, завалодаю ім. Тут буду яго чакаць... Прадчуваю, што высланы на выведы Шчырэцкі, мой падстаўны бацька, хутка шчаслівую дасць мне вестку пра ягоны прыезд. Ты ж, мой татка каханы, прыгатуй усё ў двары, каб сяляне, якіх ён ненавідзіць, як з найшчырэйшым і найпрыхільнейшым сэрцам яго сустрэлі... А я з кошыкам кветак нібы выпадкова яго спаткаю... але ціха!.. Нехта ідзе. Адыдзіся, мой войча, каб нас тут разам не засталі.

Дабровіч. Добра, адыходжуся. Абы толькі здолела ты выбіць яму з галавы тую франкаманію ды прывязаць яго да роднага краю! (Выходзіць.)

Сцэна IX

Юлія і Навум.

Навум (уваходзіць п'яны і сам сабе кажа). Добра кажа прыгаворка: куды еду, туды еду, да ўсё карчмы не міну. Вот цяпер штось пэўней чалавек стаіць на нагах. Цяпер смела пайду да двара, штоб пана нашага прыняць. (Хоча адысці, заўважае Юлію.) Гэ! а гэта што за дзеўка? У нашым сяле я дасюль яе не бачыў. Не гадкі чарвячок. Як біш там кажуць. Дзеука як цэука, а як гляне, дык сэрца дастане.

Дуэт

№ 6'

Юлія

Што за пудзіла пляцецца?
Так і рынецца, здаецца.
Ах! якая п'яніц міна!

Навум

Ой! Не гадкая дзяўчына!

Юлія

Ён сюды, знаць, ісці хоча.
На мяне ўтаропіў вочы.
Мусіць думку нейку мець.