Старонка:Dunin-Marcinkievic.Idylija.djvu/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Лог, па якім мы з Каролем
За матылёчкам ляталі
І гналі ажно у поле;
Як матылькі, мы гулялі.
Ўсё тут, як некалі, бачу,
Толькі Кароля не бачу!

(Кажа) Вітаю цябе, родная краіна, якая на кожным кроку абуджаеш ва мне салодкія ўспаміны нашых з Каролем дзіцячых гадоў! Тут кожнае месца, кожны куточак нагадвае мне яго такім, якім ведала яго некалі: ласкавым, прыхільным да свае малое сваячкі, выказваючым ёй кожную хвіліну доказы сваіх турбот пра яе і падтрымліваючым слабыя яе крокі. О гора! чаму побыт за граніцай так змяніў яго сэрца? Але што ж тут дзівіцца? Ён такім маладым, маласвядомым пакінў нас... а трапіўшы ў таварыства сапсутай моладзі, мог занядбаць звычаі і забыць збавенныя парады майго добрага айца. О калі б план, укладзены мною, патрапіў яго схіліць да мяне і цалкам удасканаліць! З лісту, адасланага з Варшавы, спадзявацца трэба, што сёння ён прыедзе. О Божа! дапамажы мне! Ты бачыш чысціню думак маіх.

Сцэна VIII

Дабровіч і Юлія.

Дабровіч (у часе яе гутаркі падкрадваецца і, вытнуўшы яе злёгку па плячы, кажа). Юлія! ты ўсё марыш, і, пэўна, аб Каролю?

Юлія. Ах, войча! Ці ж можна так мяне палохаць?

Дабровіч. Бядачка! Меркавала, можа, што гэта ён цябе так па-прыяцельску вітае?

Юлія. А пэўне ж, бо сёння тэрмін яго верагоднага прыезду, вызначаны ў яго лісце. Ах, пакажы, пакажы мне, мой войча, той ліст! Я яго яшчэ раз прачытаю!

Дабровіч. Здаецца мне, што ты ўжо на памяць павінна была яго вывучыць. (Шукае.) Вось ён, маеш.

Юлія (чытае). "Дарагі мой апякуне! Апошні твой ліст так мяне ўстрывожыў, што зараз жа, хоць з болем у сэрцы..." (Кажа.)