Старонка:Dunin-Marcinkievic.Hapon.djvu/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А войт даўным-даўнюсенька
Загад пад акном крычыць:
Хто пойдзе драва рубаць,
Хто крупы таўчы і драць,
А хто з цэпам малаціць,
Каму брагу калаціць.

А вось і аконам сам
Прыбег к карчме на кані.
"Слухай, крычыць, слухай, хам!
У карк шэльмаў тых гані!
Бо як толькі апазняцца,
То скажы тым гультаём,
Што й здароўем не відацца,
Так задам ім нагаём".

Аўжо нечага маніць:
Доўга будзеш памятаць,
Калі возьмець драць і біць,
То і з зямлі не ўстаць.

А вось бліснулі агні,
Войт стадолу адчыніў,
І аконам на кані
У стадоле - як тут быў.

"Гэй, дабрыдзень, аляндару!
Што тут новага чуваць?"
"Уф! Вяльмозны камісару"[1] -
Дый так яму стаў брахаць:

"Ясны пане! сто з тут цуць,
Цы я магу ўсё знаць,
Ат!.. ведама - людзі п'юць,
Каб толькі на доўг даваць.
Ну!.. як пан мне прыказаў,
Каб я таго не цыніў,
То напавер і не даў,
Хоць Гапонцык і прасіў
Маёй Сэйны, сто бог крый!
А як я не дапусціў,
То ён, ухваціўсы кій,

Вельмі брыдка сярдзіт быў.
Ну!.. Пан ясны, звазай сам,
Калі схоцэць хто ў сваты,
Цы то дзела будзець нам,
Цы мы таму вінаваты?"

"Як то ў сваты! то Гапон
Ужо задумаў жаніцца?" -
Крыкнуў з сэрцам аканом
І вось як пачаў браніцца:
"Ах ты, юха! ах ты, пес!
Ты латруга! - знаю я,
Куды цябе хіне бес;
Ды пастой, душа мая!.."

  1. Камісар - наглядчык у маёнтку.