Старонка:Drygva 1934.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дык гэта тое, што ў яго бацькі было дванаццаць дзяцей. Васьмёра з іх паўмірала малымі, а жыць засталіся два сыны, у тым ліку і дзед Талаш, і дзве дачкі.

Спакойна і павольна, як у зачарованым сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну. Не спяшаецца яна выносіць дабро палескіх балот. А яго так многа, што ўсёроўна, спяшайся не спяшайся, а гэтай работы ёй хопіць на доўгія гады. Можа і надзею страціла яна вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цёмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная. Вось толькі тады, калі разгуляецца вецер над зялёнаю шчэццю лясоў, над круглымі купамі-шапкамі кучаравай лазы, над бародаўкамі-купінамі жорсткай асакі, тады яна няветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі ды голасна ўсхліпвае ў прыбярэжных чаратах, як маці ўскрай магілы, дзе пахаваны яе дзеці. І дзед Талаш не адважваецца тады ад’яжджаць на сваім чаўне на сярэдзіну Прыпяці.

Затое-ж як лагодна і ўтульна разляжацца яна ў мяккіх берагах, калі супакоіцца вецер, а над Палессем рассыплецца сонца мільярдамі залатых крупак святла! Спакой і цішыня пануюць тады над зялёнымі аксамітамі балот і лясоў. Бліскучаю сталёваю стужкаю з’яе Прыпяць, і толькі ў глыбозных чорных бухтах яе плёкаюцца самы, узні-