Старонка:Drygva 1934.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лёгкае смецце. Гэта значна падымала дзедаў дух і павялічвала яго ўласнае я. Аднак ён шпарка падаваўся глыбей у балота, у гушчары, у лес і толькі тады прыпыніўся і перавёў дух, калі адышоўся даволі далёка і ўпэўніўся, што пагоні за ім няма. На дзедава шчасце і снег пасыпаў густы і спорны. Але што-ж рабіць далей?

Выбраў зацішнае месца, прысланіўся да старой яліны пад навіссю спушчаных, прысыпаных снегам галін, дастаў раменны капшук, наклаў у люльку тытуну, выкрэсіў агня, закурыў. Пыхкае дзед Талаш люлькаю, выпускаючы дымок за дымком. Клубочкі дыма, працэжваючыся праз яловыя лапкі, выбіваюцца на прастор і гінуць у зімнім паветры, а сам дзед думае ды разважае. Паразважаўшы, прыходзіць да думкі, што трохі пагарачыўся. Добра яшчэ, што Максім утрымаў яго рукі — было-б горай, калі-б ён засек жалнера. І невядома, што сталася з яго сынамі і з бабкаю Настаю… Ох, паганцы! І нагнаў-жа іх чорт на яго галаву. І як было іначай рабіць з імі? Прасіў, маліў іх, як добрых, станавіўся на калені, а яны толькі здзекваліся з яго, як-бы ён і не чалавек. І калі дзед Талаш пачынаў прыпамінаць, як абышліся з ім жалнеры, то злосць з новаю сілаю агортвала яго, і тады ён шкадаваў, чаму не расчапіў галоў гэтым грабежнікам.

У выніку ўсіх гэтых думак і разважанняў само сабой напрошвалася пытанне аб тым, як даведацца, што сталася там, дома, з яго сынамі і жонкаю