Старонка:Drygva 1934.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сядзібы ўскрай балота, ад якога адыходзіла густая абродка нізкарослага хмычу, і быў добра відаць. Каля стажка стаялі дзве запрэжаныя ў сані параконныя хурманкі, а каля іх варушыліся два польскіх жалнеры. Трэці сядзеў на стажку і скідаў зверху сена. Добрая чвэрць стажка ўжо была разабрана. Бабка Наста, накінуўшы чырвоны кажушок, стаяла на дварэ, ламала рукі і галасіла: чым-жа цяпер карміць худобу?

Нічога не кажучы, засунуў дзед Талаш за пояс сякеру - у дзеда быў звычай браць тапор, адлучаючыся з дому - і пашоў да свайго стажка, дзе гаспадарылі польскія жалнеры. За дзедам на некаторай адлегласці пашлі і яго сыны.

- Не заводзься з імі! - перасцерагла дзеда бабка Наста: - а то яшчэ заб'юць або заарыштуюць. - Яна засталася на дварэ і са страхам пазірала, што будзе далей. Як толькі дзед Талаш падышоў да стажка, бабка Наста зноў залямантавала на ўвесь двор па стажку, як па нябожчыку. Лямант яе голасна даносіўся да балота, дзе стаяў дзедаў стажок, а таксама расплываўся і па вуліцы, парушаючы яе трывожны спакой. Людзі выходзілі на вуліцу, і весць аб паляках зараз-жа абляцела сяло.

- Падышоў дзед Талаш да стажка, нізка пакланіўся жалнерам, зняў шапку. Але жалнеры не звярнулі на яго ўвагі і не адказалі на дзедава прывітанне. Адзін жалнер сядзеў на санях і таптаў сена, другі падаваў яго бярэмямі, а трэці разбіраў стажок.