Старонка:Drygva 1934.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- Натуральна жэч... То ест, пане, Еўропа, культура!..

Калі дзед Талаш падыходзіў ужо да іх, то яны раптам змоўклі. Дзед зрабіў выгляд, што вельмі здзіўлен гэтым "раптоўным" спатканнем і нават спалохаўся. Хапіўшыся за шапку, пакланіўся і сказаў дзеньдобры. Пан Крулеўскі не мог захаваць свайго добрага гумару і жартам запытаў дзеда Талаша:

- Чый ты цяпер падданы?

- А нічый! - адказаў дзед Талаш.

- Ну, то праз тры гадзіны ты будзеш польскім падданым.

- Польскім?! - здзівіўся дзед, нібыта нічога не разумеючы.

З таго канца вуліцы, адкуль ішоў дзед Талаш, бяжыць ва ўвесь дух падлетак гадоў шаснаццаці. Гэта Панас, меншы дзедаў сын. Ад шпаркай беганкі Панас моцна засопся.

- Бацька! - крычыць яшчэ здалёк Панас - паляк забірае наша сена!

Голас і словы і сам выгляд Панасаў балюча балюча кальнулі дзеда Талаша. Ён дзіка азірнуўся і крута павярнуў назад, забыўшы ў гэты момант і Васіля Бусыгу, і пана Крулеўскага, і іх гутарку. Шпаркімі крокамі, а дзе і подбегам накіраваўся дзед на сваю сялібу. Старшы дзедаў сын Максім, нахмураны і сур'ёзны, панура пацвердзіў Панасавы словы, хоць патрэбы ў гэтым і не было: дзедаў стажок вазоў на пяць, стаяў непадалёку ад