Старонка:Drygva 1934.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

8 даецца ў далечы маўклівых балот. Яны тояць штось невядомае, вострае і цікавае.

І сяло таксама прыціхла. Момант сапраўды напружаны і цікавы. Перш за ўсё няма ніякай улады. Ад гэтага трохі неяк і страшна. Яшчэ ўчора стаяла тут чырвонае войска. Нават у дзедавай хаце кватэраваў начальнік чырвоны, камандзір батальёна, чым дужа ганарыўся дзед Талаш. І цікавы быў чалавек гэты камандзір — гаваркі, просты… Рабочы і селянін вось, кажа, хто павінен краваць сваім жыццём і быць поўным гаспадаром свае дзяржавы. Паны, купцы, папы і розныя багацеі, гэта ўсё нашы ворагі. — Але чырвонае войска падалося кудысь назад: кажуць палякі насядаюць, і яны цяпер тут дзесь недалёка. Дзеду Талашу не сядзіцца ў хаце, але і ад хаты адрывацца не выпадае, тым болей, што і бабка Наста працівіцца гэтаму, не пускае дзеда ні ў лес ні на Прыпяць: ці мала што можа здарыцца ў такі небяспечны, няпэўны час! Але дзед Талаш усё-ж такі выходзіць з хаты. У лес ён не пойдзе, вось толькі сходзіць на сяло ды паслухае, што гавораць людзі, ці не дачуецца чаго-небудзь новага.

Па самай сярэдзіне сяла раскінулася невялікая, але даволі ўзнятая і трохі округленая плошча. Упоперак плошчы праходзіць яшчэ адна вулачка, крыху карацейшая, што надае сялу форму крыжа, а на перасеку вуліц стаіць і сапраўдны крыж, высока падняўшы сваю верхавіну над саламянымі стрэхамі хат. Сюды і сходзяцца людзі, каб пагу-