Старонка:Drygva 1934.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

маючы срэбныя кругі-абручы. А дзед Талаш, пазіраючы на гэтыя забаўкі самоў, ссуне са лба на патыліцу саламяны капялюш, скажа сам сабе: "О, згінь твая маты! ось падчапіць-бы цябе, завалу!"

Спакойна і павольна, як у зачарованым сне, цякло і само жыццё на Палессі, а водгулле ўсяго таго, што дзеялася на свеце, далятала сюды ў прыглушаных прасторамі Палесся тонах, або з такімі напластаваннямі людской фантазіі, што ўжо трудна было вылушчыць з іх зерне праўды.

Але час настаў.

Закалыхалася, затраслося Палессе. І было гэта ўлетку, калі прышоў царскі загад аб мабілізацыі. Павалілі грамадою запасныя, дзяржучы кірунак на бліжэйшыя чыгуначныя станцыі, павалілі пад шумную музыку гармонікаў, песень і надрыўнога плачу мацярок і маладзіц. Хоць спачатку вайна вялася дзесь далёка, але водгулле яе ўсё галасней і галасней даносілася да ціхага Палесся. Пасылаліся з далёкага фронту пісьмы ў глухія закуткі палескіх вёсак, і часта адказам на гэтыя пісьмы быў горкі плач асірацелых дзяцей і маладых удоў. А вайна брала ўсё новыя ахвяры. І не было канца вайне. Ды мала гэтага - фронт пачаў набліжацца сюды. Цяжка ўздыхалі дзяды і дакорліва ківалі галовамі. А дзед Талаш чуць быў у бяду не папаўся. Панёс ён у Петрыкаў прадаваць рыбу. Задзівіўся дужа дзед, калі пакупец пачаў адлічваць яму грошы папяровымі маркамі. На грошах былі цар-