Старонка:Drazdovich 1923.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

I.

І дзяды іхныя былі калісь шчырымі прыязьнікамі. Дзед Альфука меў свой уласны засьценак ля пушчы і, апроч земляробства, займаўся яшчэ дзягцярствам. Меў у беразе пушчы сваю ўласную дзягцярную гуту, лупцаваў з пушчанскага лесу смалякі ды бяросту і выганяў з іх дзёгаць, а поруч з дзёгцем, дзеля забавы, тады-сяды пакураваў «за адным дымам» і гарэлачку.

Дзед-жа Гапука праз нейкі час, будучы ў воласьці старшынёю, вёў моцную дружбу з Альфуковым дзедам, няраз пасылаў яму на самагоначку лішнія пуды хлеба і заўсёды стараўся гладка пакрыць яму ягоныя браварныя інтарэсы.

Бацькі-ж іхныя, ня гледзячы на сваю рознастайнасцьць жыцьця і дастатку, таксама стараліся не пакідаць успадкованай дружбы.

Бацька Альфука, па імёну Занук, быў здольным чалавекам, дзягцярствам ён не займаўся, бо пушча была ўжо высечана, а астаткі яе былі ўзяты пад строгае лясьнічоўства, і дзёгаць гнаць ня было як і з чаго. Затое ён прыдбаў сабе, пры сваёй маленькай, засьцянковай гаспадарцы, новае бандаства, каторае складалася галоўным чынам, з плотніцкага сталярства і ганчарства. Калі ня бывала заказаў работы па дзераве, тады ён браўся за гліну і вырабляў, выточаваў з яе моцныя гаршчыкі, стаўбуны, гарлачы і прыгожыя міскі, глякі ды розныя забаўныя дзіцячыя цацкі, сьвістулькі, каторыя зімоваю парой, калі рабіць нечага, развозіў на распрадажу.

Бацька-ж Гапука (таксама па імёну Гапон) — быў досыць багатым чалавекам. Ён успадкаваў ад свайго бацькі — валаснога старшыні — не адну капу грашышак,