Старонка:Deman.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была правераная


210 Уцёсы з левай стараны,
Направа глыб ракі мяцежнай.
І позні час. На горах снежных
Бляск сонца згас. Устаў туман.
Прыбавіў ходу караван.

XI

Вось і капліца пры дарозе,
Тут з даўніх пор пачые ў бозе
Якісьці князь, што стаў святым,
Забіты помснікам сваім.
З тых дзён — на свята ці на бітву,
220 Куды б дарожнік ні спяшыў,
Заўсёды шчырую малітву
Таму святому прынасіў.
Малітва гэта памагала —
Удар адводзіла кінжала.
Але няўважліва жаніх
Забыўся звычаяў старых.
Яго спакуслівай намовай
Лукавы Дэман падбіваў —
У мыслях ён пад цемры сховам
230 Нявесты вусны цалаваў.
І раптам выскачылі двое
І болей… Стрэл! Што ж то такое?
Прыўзняўшыся на страмянах,
Глыбей насунуўшы папах,
Адважны князь не мовіў слова:
Ў руках бліснуў турэцкі ствол,
Нагайка лясь! — і як арол
Ён кінуўся ўпярод. Стрэл новы!
І дзікі крык і цяжкі «ой!»
240 Пачуліся ў глыбі даліны,
Нядоўгім быў няроўны бой,
Пабеглі ў боязні грузіны.

XII

І сціхла. Ні душы жывой.
Вярблюды, збіўшыся гурмой,
На трупы ў страсе паглядалі,