Старонка:Deman.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Заўжды маўкліва на даліны
Глядзеў з гары пануры дом.
Ды сёння ў ім і шум і гром,
Гучыць зурна і льюцца віны.
Сасватаў князь дачку сваю,
На баль заклікаў ён радню.
На стрэсе, высланай каўрамі,
Сядзіць нявеста, а вакруг
Гульня і спеў яе падруг.
110 Ужо далёкімі гарамі
Закрыўся сонейка паўкруг.
У ладкі такты адбівае
Дзявочы тлум, і бубен свой
Бярэ нявеста маладая.
І вось яна адной рукой
Кружне яго над галавой,
То паімчыцца лягчэй птушкі,
То раптам спыніцца, глядзіць,
І волкі зрок яе блішчыць
120 З-пад гожай вейкавае дужкі;
То чорнай броўкай павядзе,
То раптам нахінецца трошкі.
А па каўры плыве-ідзе
Яе чаруючая ножка.
І пасміхаецца яна,
Дзяцінай радасці паўна.
І месяц, што з-за хмар застрэшкі
Зірне, гуляючы з вадой,
Не параўнаецца з усмешкай,
130 Як маладосць сама жывой.

VII

Клянуся зоркамі стажар,
Праменняў сонечных патокам,
Багатай Персіі ўладар
І ні адзін у свеце цар
Не цалаваў такога вока.
Гарэма іскрысты фантан