Старонка:Deman.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Што наш нікчэмны гэты лёс
320 І слёзы дзеўчыя і гора
Для госця рая і нябёс?
Не, доля смертнага стварэння,
Павер мне, ангел чысты мой,
Не варт ніводнага імгнення
Тваёй журботы дарагой.

У надземным акіяне
Без стырна і без вятрыл
Ціха носяцца ў тумане
Хоры стройныя свяціл.

330 Пасярод палёў бязмежных
Ў небе ходзяць без слядоў
Статкі лёгкіх, беласнежных,
Танкарунных аблакоў.

Час разлукі, час спаткання
Ім ні радасць, ні нуда.
Няма ў прошлым ім жадання,
Ім былога не шкада.

У дні цяжкія няшчасця
Ты іх толькі прыгадай
340 І на земныя напасці,
Як яны, ты не зважай.
Як толькі ночка сваім сховам
Вярхі Каўказа ахіне;
Як толькі свет, чароўным словам
Нібы замоўлены, засне;
Як толькі ветрык над скалою
Зашэпча з блёклаю травою
І птушка, нанач сеўшы ў ёй,
Мільгне і знікне ў цьме густой;
350 І пад галінкай вінаграда,
Расе нябёс прахладнай рада,
Начная кветка зацвіце;
І месяц блісне ў цемнаце,
Калі з-за гор ціхутка ўстане
Ды на цябе украдкам гляне. -