Старонка:Corny Kuzma.Zbor tvorau 6 3.djvu/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі


РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

I

Звераватую панурасць Лявону Бушмару перадаў бацька - княжацкі дробны арандатар. Памёр ён тады, калі Расія ваявала з немцамі. Акрай таго лесу, які ўсё жыццё вартаваў яго бацька, арандаваў ён ад князя добрую дзялянку зямлі. Калі ажаніўся і аддзяліўся ад бацькі - забудаваўся на арэндзе, усё ў лік арэндных выплатак князю. Гэта быў стары моцны, як дуб. Пражыў ён на свеце год, мусіць, з дзевяноста і рабіў усё да самых апошніх дзён сваіх. Нават казалі, што гадзін за дзве да смерці з'еў яшчэ пару цвёрдых антонавак - гэтак сканаў у памяці і без думак пра смерць; доктара пры ім не было ніколі, ад самых малых дзён і аж да сканання. Не любіў ён дакторскіх лекаў, зваў гэта прымхаю, панскаю выдумкаю, хоць паноў сам не цураўся.