Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сабою Бога. Чалавек павінен мець у сэрцы нейкую літасць да другога чалавека. А без Бога - як жа ён будзе?

- То Бог ёсць, ці толькі трэба, каб быў?

- Як жа гэта Бога няма?! Адно што веры ёсць усялякія. А сярод іх адна вера павінна быць праўдзівая. Што ж, скажам, руская вера! Там найбольш было ашуканства. Мошчы, мошчы - крычалі. Пакладуць пару касцей, абложаць ватай, абмажуць воскам, і кланяйся, і маліся. А пасля - бальшавікі гэта добра зрабілі. Як паглядзелі на ўсё гэтае ашуканства, дык і... каталіцкая вера заўсёды з гэтых мошчаў смяялася. Наш Толік, як быў у войску, сам гэтыя мошчы бачыў.

Яна збянтэжылася і пашкадавала, што неабдумана лішні раз успомніла пра свайго сына.

- А вы каталікі?

- У нас напалам. Я сама каталічка, а муж праваслаўны.

Тут загаварыў гаспадар:

- Я ўвесь свой век вялікі меў клопат. Іншаму здаецца, што калі хто што мае, дык гэта з неба гатовае скінулася. Я некалі, як прыйшоў быў з салдатаў, то мне казаў сам прыстаў, каб я ў стражнікі падаваўся, але я не захацеў, бо ў мяне натура такая, што не магу з бізуном або з штыхом над чалавекам стаяць. А паліцэйскі з гэтага хлеб еў. Я люблю, каб у злагадзе з людзьмі. Жылі мы на паўвалоцы з бацькам, там у вёсцы, за лесам, вы калі ішлі, дык бачылі тую вёску. Я паўвалоку прадаў, а сам купіў тут, якраз панскі клінок у сялянскае заходзіў, сяляне травілі. Пан і прадаў. Грошай у мяне не хапіла, то я ў мястэчку крамку быў адчыніў, пасля свінні і каровы перакупліваў. З даўгамі разлічыўся. Але здаў быў гэтую зямлю людзям на палавіну рабіць, а сам пайшоў да таго самага пана ў маёнтак за аканома. Пяць год служыў, а тады тут забудаваўся. А на ўсё гэта клопат патрэбен буў. Турбота вялікая... Цяпер яно так усё як да часу. Трэба было б будынкі пааглядаць, агароджу паправіць, але, можа, хіба паспакайнее на свеце: вайна, рэзрух...

- А чаму ж вы пры паляках не агледзелі свайго хутара? Спакойна ж было. Улада была цвёрдая, - сказаў Кандрат Назарэўскі, паглядаючы на гаспадара.

Той раптам змоўк. Больш не гаварыў пра сябе. Толькі сказаў пра пана: