Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

на фатаграфію Анатоля Скуратовіча: малады круглы твар, у постаці імкненне трымацца дасціпна; пра гэта, відаць, і былі толькі думкі тады, калі здымаўся.

На двары загаварылі. Паўз вокны ішоў стараваты чалавек, за ім тая самая жанчына. «Дома ж, аднак, — думаў Кандрат Назарэўскі. — Як жа ён будзе апраўдвацца, што раптам апынуўся дома?» Але і гаспадар і гаспадыня стараліся не ўспамінаць пра гэта.

— Зараз паедзем, — сказаў чалавек, беручы з камода скрыпачку з тытунём. На твары яго ляжаў клопат; ён нават і не быў падобны да свайго здымка над камодам: там была навек усталяваная нерухомасць, тут чалавек жыў, трапятаўся, думаў. Ён закурыў, даў закурыць Кандрату Назарэўскаму і пайшоў запрагаць. З парога азірнуўся:

— Бяда толькі, таварыш, што вельмі неспакойна ў нас. Бандыты ў лесе ёсць, а лес жа ў нас усюды, куды ні глянь. Ці ў вас хаця зброя якая ёсць пры сабе? Я дык і ехаць пабойваюся.

Кандрат Назарэўскі не паверыў пра бандытаў:

— Зброя ў мяне ёсць, няма чаго баяцца!

Пакуль чалавек запрагаў, жанчына прынесла хлеба і малака. Яна старалася гаварыць добра. Кандрат Назарэўскі з асалодай з’еў увесь хлеб і ўсё малако. Жанчына разгаварылася:

— Якое гора — вайна! От за гэтыя дні колькі вёсак спалілі. І колькі людзей гіне! Мы самі, сказаць, жывём на адзіноце, дык праз некаторы ўжо год — абы стукне што дзе ўвечары ці ўночы, дык мы і памлеем, здаецца, ужо ідуць.

— Хто ідзе?

— Мала хто! Як прыйшлі былі немцы, дык у нас дзве каровы забралі. Палякі цялушку забралі.

Гаспадар увайшоў у хату:

— Раквізіца была. Скажыце, таварыш, а цяпер раквізіцы не будзе?

Жанчына загаварыла зноў:

— Я от толькі не разумею, таварыш… вядома, мы, сказаць, простыя людзі, мы пытаемся пра ўсё. Нашто чапаць ралігію? Цара скінулі, паноў прагналі, ну, добра. Ну, а ралігія? Усё ж такі без ралігіі чалавек як звер будзе, калі ён не чуцьме над