Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- Давайце зараз жа фурманку!

Жанчына паціснула плячыма і таксама села ля дзвярэй на абабітае паркалем крэсла, старое, збітае цвікамі. Яна нарыхтавалася маўчаць. Чырвонаармеец чакаў адказу і разглядаў пакой.

Над камодам віселі фатаграфіі. Тутэйшы фатограф, можа, павятовы які ці местачковы, быў невялікі майстар: на адной фатаграфіі чалавек выйшаў з нейкім пагнутым носам (калі толькі сапраўды нос у яго быў просты), з адтапыранымі губамі. Вочы сядзелі глыбока, і ў іх было задавальненне. Вусы былі закручаны стрэлкамі. Ён сядзеў на нейкай мадэрнізаванай фатаграфскай ламачыне, а поплеч яго стаяла жанчына, паклаўшы яму руку на плячо. Ён сядзеў, а яна стаяла і здавалася высокай. Гэта была тая самая жанчына, што сядзела цяпер ля дзвярэй і старалася не глядзець на Кандрата Назарэўскага. На фатаграфіі яна была год на дваццаць пяць маладзейшая. У яе чалавека вісеў на грудзях на камізэльцы шырокі ланцужок ад гадзінніка. Вываксаныя боты на здымку выйшлі белыя. Жанчына была адзета пад тагачасную моду. Такое адзенне магла надараваць тады якая-небудзь пані сваёй улюбёнай ахмістрыні.

На другой фатаграфіі Кандрат Назарэўскі разгледзеў чалавека таксама з падкручанымі ў стрэлкі вусамі, але постаць гэтая куды была зграбнейшая. Калі на першай фатаграфіі так і відаць было адразу, што тут мужык выбіўся ў паны, то гэты, здаецца, спрадвеку каля паноў аціраўся. І манішка на ім была цвёрдая, і гальштук упоперак спрытна падвязан. А побач была яшчэ трэцяя фатаграфія. На ёй быў знят малады хлапец. Зусім малады. Бязвусы, у галіфэ, у фрэнчы з кішэнямі і кішэнькамі ўсюды. Ён сядзеў, паклаўшы нагу на нагу; валасы на галаве намачыў і прыгладзіў, прабраўшы роўненькі прабор збоку. Кандрат Назарэўскі раптам падняўся з канапы і падышоў да фатаграфіі. Ён пазнаў гэтага хлапца. Ён глянуў на жанчыну.

- Ну, дзе ж я вам таго каня вазьму, - сабраўшы ўсю сваю штучную ласкавасць, сказала яна.

Кандрат Назарэўскі рашуча павярнуўся да жанчыны. У яе недзе над вачыма, у брывах, ішла рыса, уласцівая твару сфатаграфаванага хлапца. "Маці!" - падумаў Кандрат Назарэўскі.