Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Хто яго… чалавек наперад хіба ведае?

Скуратовіч як бы прыбянтэжыўся. У вачах Кандрата Назарэўскага ён раптам вырас. Яму дзіўна стала, як гэты чалавек не страляе дзе-небудзь у яго, а вязе на сваім возе. Такое з’явілася Кандрату Назарэўскаму адчуванне.

— Паганяйце каня, — сказаў ён пагардліва, — мы гэтак і да вечара не заедзем.

Скуратовіч таксама пагардліва, але паслушна, — сцебануў каня. Змучанае вайной і ранай, усё цела Кандрата Назарэўскага прасіла спакою. Ён цяпер прагнуў скарэй даехаць туды, дзе ён будзе адпачываць і лячыцца. Скуратовіч маўчаў. Кандрат Назарэўскі ўспёрся локцем на салому, прылёгшы. Локаць прыціснуў салому да драбіннага доння. Так стала спакайней ехаць. Мясцовасць плыла вельмі павольна.

Толькі на другі дзень убачыў Кандрат Назарэўскі свой родны гарадок. Ён не пазнаў яго. Муры, якія і былі ў ім, асталіся пабітыя гарматамі. Драўляныя вуліцы пакалечаны агнём. Сады чарнелі абсмаленым голлем. Людзі туліліся на вуліцах. Зборышчамі брудных лахманоў былі дзіцячыя пасцелі. Прыглушаныя горам жанчыны яшчэ ўсё не маглі апрытомнець. Людзі стаялі натоўпамі, яшчэ ўсё не могучы даступіцца да якой-небудзь сваёй справы. Кандрат Назарэўскі ішоў вуліцай, не пытаючы ні ў кога, што гэта. Яму і так было вядома: вайна і адступ варожага войска. Ён дайшоў да канца вуліцы. Які цяпер бацька? І як яны спаткаюцца? Ён убачыў, што два муры дробнай ткачоўскай фабрыкі спалены і разбураны. «Значыцца, цяпер ужо бацьку, старому ткачу, не будзе работы», — думаў Кандрат Назарэўскі, заварочваючы да старой драўлянай даміны. На парозе ў сенцы ён спаткаўся з дзяўчынкай малою, год ёй восем на выгляд. Яна штосьці несла ў зграбным кошыку з фарбаваных лучынак. Хутчэй па кошыку Кандрат Назарэўскі пазнаў дзяўчынку.

— Ірка, Ірынка! — гукнуў ён. — Сястрыца!

Яна спачатку не пазнала, а пасля радасна збянтэжылася.

— Ты падрасла, Ірынка. Куды ты з кошыкам?

Яна падняла ў кошыку ручнік, і Кандрат Назарэўскі ўбачыў бутэльку малака, кавалак хлеба і палову шэрага праснака.