Старонка:Corny.Treciaje pakalennie.djvu/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

15 — Табе прынесла.

Ядучы, ён дурэў з сястрой, пасля кідаўся на ложак, куляўся там, заходзіўся бесклапотным смехам.

— Чалавека пабудзіш! — сцішала яго яна.

Кандрат Назарэўскі падняў галаву. Яна пазнала яго і не здзівілася, толькі глядзела на яго так, быццам чакала нейкага растлумачэння. Ён расказаў, што не мог адразу ехаць, бо ранены і яшчэ не паправіўся.

— А пакуль фурманку дастаў гэтую, дык патузаўся з гэтым Скуратовічам.

— Я таго і дадому прыйшла, што бяда мне цяпер будзе. Я без усялякай хітрасці сказала, што коні яго ў лесе, а пасля адумалася, што ён жа і сам ведае.

— А каб вы спачатку адумаліся, дык бы не сказалі?

Яна зразумела, што гэтым хацеў сказаць чырвонаармеец, і адразу не магла адказаць. Яна загаварыла як быццам пра іншае:

— Я не ведаю, што мне цяпер рабіць. (Вочы яе заблішчалі ад слёз.) Я ўжо баялася быць там, мяне там елі б, грызлі б. Ужо дзён тры мне спакою не будзе. Мне трэба было да паўдня жаць, а тады ісці ў гумно пад авёс старану вычысціць, а я не пайшла. Там ужо гаспадыня панясе гэтаму Толіку ў ельнік есці, дык той ёй раскажа ўсё. Яна мяне заесць. Я дадому сюды прыбегла, аж бачу — Скуратовіча конь стаіць. Мы крыху сваякі.

Яна заплакала. Кандрат Назарэўскі неўзаметку ўваходзіў у справы чужога жыцця. Яны цяпер былі з гэтай дзяўчынай умешаны ў адну справу, як быццам змоўшчыкі яны былі. Спалоханы плачам сястры, хлапчук паглядаў на яго з кутка.

— А вы зусім кінуць служыць не можаце?

— Тады трэба будзе да каго іншага ісці.

З шчырай даверлівасцю яна пачала расказваць пра сваё парабчанства, пра свайго бацьку, пра Скуратовіча. Цяпер гэта ўжо не была тая наіўная дзяўчына, што так неспадзеўкі і проста ўспомніла гаспадару пра коні ў ельніку. Яна нават своеасаблівым парадкам давала ацэнкі некаторым справам і людзям. Тут яна выявіла сталую спрактыкаванасць. Яна расказала пра Скуратовічаў тое, што сама бачыла і што магла чуць ад людзей, за яе старэйшых.