Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Насця правільна. А ты самаўпэўнена зневажаў яе. А калі я сказала табе, каб ты сядзеў ціха, ты і мяне пачаў зневажаць і ўвесь клас сваім хуліганствам.

Настаўніца выйшла, і Серж, каб паказаць перад усімі, што ён усё ж такі праў, пусціў ёй услед працяглы свіст. Прайшоў яшчэ адзін урок, і Серж увесь гэты час сядзеў злосны і надзьмуты. Яму было непрыемна, што выйшла не па яго, што ўвесь клас спачувае Насці, а не яму, што Насця трымае сябе весела і радасна, што яна са шчаслівым і гордым бляскам у вачах некалькі разоў паглядзела на яго. І ў дадатак яшчэ настаўніца назвала яго ўчынак з жованай паперай хуліганствам.

Заняткі ў школе скончыліся. Дзеці пайшлі дадому. Серж падпільнаваў Насцю на тратуары і заляпіў ёй гразёю твар. Назаўтра Насця паскардзілася настаўніцы, і перад усім класам настаўніца прабірала Сержа. І адразу пасля гэтага Насця пачала заўважаць, што Серж стаў яе ворагам. Ён стараўся, каб яна адчувала на сабе яго помсту. Ён не хацеў спакойна прапусціць яе каля сябе. Ён ёй даваў пстрычкі, шчыпаў за шыю, біў кулакамі ў плечы. Стала так, што Насця баялася выходзіць са школы пасля заняткаў: яна ведала, што недзе за вуглом яе чакае Серж. І перад тым як ісці дадому, яна пачала выглядаць з карыдора, чакаючы, каб хто-небудзь з дарослых быў паблізу, каб было ў каго папрасіць абароны. Так прайшло дні чатыры.

На чацвёртым дні, перад самым вечарам, Серж стаяў на вуліцы, раздумваючы, куды яму пайсці. Раптам ён убачыў Насцю. Можа, ён гэтым разам і не зачапіў бы яе, каб не Насцін выгляд. Занадта ўжо яна была ў гэты момант вясёлая, смелая і самаўпэўненая. Яшчэ здалёк яна заўважыла Сержа, і вочы яе заблішчэлі. За апошнія дні Серж прывык да таго, што яна, пры кожным спатканні, палахліва хавалася або ўцякала ад яго, а гэта так смела ішла. Узбуджаны настрой зноў апанаваў Сержам. Гэты момант у яго душы стаў падобен да таго моманту, калі некалькі дзён таму назад высокі стары чалавек хапіў яго за плячо, баронячы ад яго трох дзяўчатак. І горш за ўсё было тое, што цяпер, на тратуары, Насця смела і заўзята пагразіла яму пальцам. Гэта ўсё вельмі выразна гаварыла Сержу, што Насця так хоча сказаць яму: «Я цябе не баюся, я лепшая і разумнейшая за цябе, а ты хуліган, і такім цябе не толькі я, але і ўсе лічаць. І я цябе не баюся». І гэ-