Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ён жа адзін, а нас трое, — крыкнула самая большая, — чаго мы будзем яго баяцца?

Самая меншая не пакідала плакаць. Серж падбег да самай большай з гнеўным крыкам:

— Вы не будзеце мяне баяцца?

І намерыўся ўжо даць пстрычку ў галаву большай, але тая яго так пхнула ад сябе, што ён хістануўся з тратуара і ўпаў на адно калена ў лужу. Дзяўчаткі зарагаталі і, падхапіўшы пад рукі сваю меншую сяброўку, пабеглі наўцёкі. Серж усхапіўся на ногі і тут жа ўбачыў, што яго калена і прыгожая халяўка ўся ў гразі. Поўны злосці, ён дагнаў дзяўчатак і з усяго размаху пхнуў у плечы самую большую, а пасля і самую меншую. Яны абедзве ўпалі на тратуар, і меншая так далася тварам аб мокрую асфальтавую пліту, што з носа і з дзяснаў у яе пацякла кроў. Убачыўшы гэта, Серж спалохаўся, але, каб не паказаць віду, закрычаў:

— Вось табе, цяпер будзеш памятаць.

І кінуўся ўцякаць дадому, але ў гэты час нечая моцная рука хапіла яго за плячо, і над яго галавой прагучаў басавіты голас:

— Ах ты, хуліган, што гэта ты нарабіў?

Серж падняў угару вочы і ўбачыў, што яго трымае той самы стары і высокі чалавек, якога ён прывык кожны дзень бачыць на гэтай самай вуліцы.

— Пусці! — закрычаў Серж, ірвануўшыся з усёй сілы.

— Не, ты раней скажаш, як ты завешся і з якой ты школы, тады я цябе пушчу, — адказаў стары чалавек.

— Ён завецца Серж, а вучыцца ён разам з намі: у дваццатай школе, — запішчалі дзяўчаткі.

— Ідзі, хуліган, — гнеўна сказаў стары чалавек, пускаючы Сержа.

Дзяўчаткі павялі сваю скрываўленую сяброўку да яе дома, а Серж, з паважным выглядам нявіннага пакутніка, паволі адышоўся ад старога чалавека на некалькі крокаў і засвістаў. Стары чалавек моўчкі паківаў галавой і хацеў ужо ісці, але Серж раптам крыкнуў яму:

— Стары чорт! Ты вечарам стаіш на вуліцы і на месяц глядзіш, як дурань. Ты думаеш, я цябе баюся?

І Серж пабег, азіраючыся, а стары чалавек доўга стаяў і ківаў галавой. Пасля ён паволі пайшоў тратуарам, звыкла сабе накульгваючы на левую нагу і пастукваючы палкай па мокрых асфальтавых плітах. Ён дайшоў да чыгуначнага