Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А калі захварэў дзед, усё пайшло інакш. Насцечка ўставала гадзіны за тры да таго, калі ёй ісці ў школу. Яшчэ была ноч, калі яна запальвала святло, накладала ў печ дроў або перабірала крупы ці гарох, каб, прыйшоўшы са школы, адразу паставіць на прымус варыць абед. Напаіўшы дзеда чаем і пакарміўшы яго, яна бегла ў школу, а прыйшоўшы дадому, варыла абед, хадзіла на рынак, прыносіла ў кухню дровы. Добра, што дзедава хвароба доўга не цягнулася. На дзесяты дзень ён пачаў уставаць і праходжвацца ад ложка да стала, а пасля сядзеў, а пасля сам пачаў грэць чай і падпальваць у печы. З кожным днём яму рабілася ўсё лепш.

Але за час хваробы Насцечка была такая занятая, што ёй не было калі не толькі пісаць маме пісьмы, але нават і сумаваць па ёй. За работай дні прайшлі вельмі скора, і Насцечка не напісала маме ніводнага пісьма. Мама ў Маскве ўстрывожылася і пастаралася ўзяць да самай вясны водпуск, каб весці сваю навуку дома і каб толькі ў самым канцы паехаць завяршыць яе. Яна і дала тэлеграму Насцечцы, што тымі днямі прыедзе. Гэта было ўжо тады, калі дзед пачынаў рабіць усё сам і нават ужо выходзіў раз прайсціся па завулку, — без гэтай праходкі яму быццам нечага не хапала, так ён прывык да яе.

Ужо першы дзень, як нападаў першы снег, але яго было яшчэ мала, шмат дзе з‑пад яго відна была яшчэ мёрзлая зямля. Дзень быў хмурны, мяккі. Насцечка прачнулася рана, і ёй ужо не хацелася спаць. Яшчэ было, можа, больш за гадзіну да рассвітання, а яна ўжо выспалася. Яна паднялася, каб запаліць святло, і заўважыла, што ў кухні гарыць лямпачка. Дзед там нечым займаўся.

— Я ўжо расчухваюся! — закрычала Насцечка.

— Спі, яшчэ рана, — адказаў дзед. — Чаго табе так рана ўставаць, матыль?

— А ты чаго так рана ўстаў?

— Мне, старому, не спіцца. Я выспаўся.

— Ты думаеш, я не ведаю, чаго ты так рана ўстаў? Я хітрая, я ўсё ведаю. Я ж бачу, што ты там нешта перастаўляеш у кухні. Ты наводзіш там парадкі, каб усё было так, як было тады, калі мама адгэтуль паехала. Ты хочаш, каб мама застала тут ранейшы парадак.

— Бо гэта так і трэба, каб мама не сказала, што мы неахайнікі.