Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


што над яго галавой збіраюцца вялікія непрыемнасці, і трэба было ратавацца. І ён заплакаў. Ён ужо не слухаў, што крычаў бацька і што казала маці, і ўсё мацней і мацней плакаў. І чым больш ён плакаў, тым больш яму рабілася шкада самога сябе, і яму пачало нарэшце здавацца, што ён вялікі пакутнік, што яго ўсе крыўдзяць і ён ад усіх нявінна церпіць. Праз свае слёзы ён з нянавісцю глядзеў на бацьку і на маці, якія, замест таго, каб пашкадаваць яго, абыходзяцца з ім так нядобра, што спачуваюць таму старому, які першы яго зачапіў. Увесь свет вінаваты перад гэтым Сержам, і толькі ён адзін нявінны і цярплівы. Ён нарэшце кінуўся да пасцелі, упаў тварам у падушку і астаўся так ляжаць, пачмыхваючы і пахліпваючы носам.

— Можа, і праўда ён не вінават, — сказаў паціху бацька.

— Укінуць у ваду старога чалавека, — дык гэта не вінават?! — не сцярпела маці.

— Можа, яго давялі да гэтага? Я яшчэ дазнаюся, як усё гэта было.

— Гэта мы яго давялі да гэтага. Я ж бачу, — ён нікога не паважае, апроч самога сябе.

— Паважаць сябе трэба.

— Паважае сябе толькі той, хто паважае другіх.

— Я гэта ведаю, што ты мяне вучыш?

— Калі ты ведаеш, дык трэба старацца, каб і Серж быў такі. Трэба старацца, каб з яго вырас такі чалавек, які ведаў бы, што калі ты пакасціш другому чалавеку, то лепш табе не жыць на свеце. Я ведаю, што тут выходзіць: калі ён пад’язджае на машыне к школе, то ён адчувае гэта не так, што машына аблягчае чалавеку хаду, беражэ яго сілы, а бачыць у гэтым толькі сваю перавагу перад другімі дзецьмі. Ён прывыкае з пагардай глядзець на ўсіх. Калі ў дарослага чалавека такое чорствае самалюбства, то ён не паможа другому. Такога чалавека любіць ніхто не будзе, а кожны будзе яго баяцца, а значыцца, і ненавідзець. Я не хачу, каб мой сын быў такі. Я адзін раз бачыла, як жанчына на вуліцы паслізнулася і ўпала і як два рослыя франты, бачачы гэта, зарагаталі. Гэта ўсё адна і тая ж справа. Каб, скажам, хто-небудзь з дзяцей, з якімі Серж разам вучыцца, што-небудзь нёс цяжкае і абнямог ад цяжару, Сержу і ў галаву не прыйшло б памагчы гэтаму свайму таварышу.

— Адкуль ты ведаеш?