Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


Дзед сказаў, што яму стала лепш, хвароба, мусіць, праходзіць, і ціхім голасам расказаў Насці, што за некалькі дзён да хваробы ён спаткаў на вуліцы свайго знаёмага.

— Гэта нават больш чым знаёмы. Год таму назад дваццаць мы разам жылі; гэта быў тады яшчэ зусім малады хлопец. Ён быў тады, як родны мне. Ён тады быў камсамолец, я яго вельмі любіў, ён быў як сын мне. Мы з ім разам працавалі. Мне тады было пяцьдзесят год. Калі Чырвоная Армія выгнала адгэтуль палякаў, мы з ім на багатых кулацкіх хутарах і фальварках шукалі лішняга хлеба, каб забраць яго для Чырвонай Арміі. Раз мы ехалі лесам, і на нас напалі бандыты. Мне прыйшлося яго ратаваць, і мяне ранілі ў нагу, з таго часу я злёгку кульгаю.

— Дык вось ад чаго ты кульгаеш, — заспявала Насця.

— Я табе, як папраўлюся, раскажу пра гэта.

— Раскажы цяпер.

— Мне цяпер, Насцечка, цяжка гаварыць многа. Раней гэты чалавек мне часта пісаў пісьмы, а апошнія гады нейк так выйшла, што мы не ведалі адзін пра аднаго. А цяпер я спаткаў яго. Мы так узрадаваліся адзін аднаму. Ён працуе ў гэтым горадзе. Ён тут вядзе вялікую працу. Я яму даў адрас, і ён, мусіць, гэтымі днямі зойдзе да нас… Ну, мне ўжо зусім лепш стала… Сёння дзесяты дзень пасля апошняга мамінага пісьма. Павінна быць ужо новае пісьмо.

Назаўтра Насця занесла ў школу дзедаву запіску. Там было напісана, што хуліган завецца Серж, — так і Насця сказала дзеду, і ён сам памятаў гэтае імя з таго часу, калі бараніў на вуліцы трох дзяўчатак.

Серж ужо спагнаў сваю злосць. І час пэўны прайшоў ужо, і ўсё перажытае ім прытупілася і ўжо стала надакучаць. Ён адчуваў сябе так, быццам разлічыўся ўжо з усімі сваімі непрыяцелямі. Ужо ён пачынаў займацца новымі справамі, як на яго галаву ўпалі новыя непрыемнасці.


Сержаў бацька прыйшоў дадому са свае працы крыху раней, як звычайна, і ўвечары зусім нікуды не выходзіў з дому. Ён нават і справамі сваімі не займаўся. Да самага вечара быў маўклівы, задуменны, а як толькі Серж апрануўся, каб ісці на вуліцу, ён сярдзіта крыкнуў яму: