Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Але хто гэта?

— Ён мне не сказаў хто, ён гаворыць, што мне трэба вучыцца, а не займацца такімі справамі.

— Няхай ён скажа табе, а ты скажы настаўніцы.

— Ой дзевачкі, ён не хоча гаварыць.

— А мы скажам самі настаўніцы, што ў нашай школе ёсць такі хуліган. І няхай тады сама настаўніца запытаецца ў яго.

— Няхай ён раней паправіцца, няможна яго турбаваць, так і доктар сказаў.

Аднак жа дзяўчаткі ўсю сваю гаворку з Насцяй пераказалі настаўніцы. Настаўніца, на першы раз, сказала дзяўчаткам пайсці да Насці, даведацца яе і паглядзець, як яна жыве.

У той самы дзень з Насцяй здарылася непрыемная прыгода. Ідучы раніцой у школу, яна ўзяла з сабой трохлітровую бляшанку, каб, ідучы са школы, купіць газы. Бляшанку яна схавала ў раздзявальні ў самы цёмны куток. Але Серж падгледзеў гэта. Калі быў вялікі перапынак, ён панёс бляшанку на двор, схаваўся за сцірту дроў, узяў цвік і камень і доўга прабіваў цвіком дзірку ў дне бляшанкі. Прабіў дзірку і паставіў ціхом пасудзіну на ранейшае месца. Калі скончыліся заняткі, ён пахваліўся сваім учынкам белабрысаму Мішку, і яны зводдалеку пайшлі следам за Насцяй. Назіркам сочачы за ёю, яны бачылі, як Насця стаяла ў чарзе ў краме, як купіла два літры газы і як панесла газу дадому. Яны ўсё ішлі следам за ёю, а яна не бачыла, што з пасудзіны тоненькай нітачкай выліваецца газа. Яна мінула чыгуначны пераезд і тады заўважыла, што пасуда стала занадта лёгкая. Яна праверыла пасуду, убачыла, што робіцца і што газа бадай-што ўся вылілася, і крыкнула:

— Ой, дзевачкі!

І моцна заплакала і пабегла як толькі магла дамоў. З-за чыгуначнай будкі на пераездзе яна пачула рогат і, азірнуўшыся, убачыла павысаджваныя з-за сцяны галовы Сержа і Мішкі. Прыбегшы дадому, яна паскардзілася дзеду, дзед папрасіў паперу і карандаш і, лежачы ў пасцелі, пачаў пісаць запіску дырэктару школы.

Насця пазычыла ў суседзяў газы і зварыла на прымусе суп. З дзедам яны паабедалі. Насця ўзяла новую пасуду і, азіраючыся, каб не спаткаць Сержа, прынесла з крамы газы, пасля зрабіла свае ўрокі і піла з дзедам чай.