Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пакладзеную ў парту Насцяй торбу і паглядзеў у яе. Торба была поўна гароху. Серж торбы не завязаў, а паставіў яе так, каб гарох не высыпаўся, і за торбу завязаў нітку, а канец ніткі працягнуў да парты белабрысага Мішкі (сам ён сядзеў на першай парце — усялякае свавольства яго лёгка заўважыць настаўніцы). Калі пачаўся ўрок, Мішка пацягнуў за нітку, і ўвесь гарох сыпануўся па ўсім класе.

— Што гэта? — крыкнула настаўніца.

— Гэта Насця Закрэўская цэлымі торбамі гарох у клас носіць! — закрычаў Серж.

— Насця, нашто ты гарох у клас носіш? — запытала настаўніца.

— Гэта я купіла суп варыць.

— Табе мама сказала купіць?

— Я сама. Мая мама жыве ў Маскве.

— І заўсёды ты так?

— Не, раней дзед усё купляў, а цяпер ён ляжыць хворы. Мне трэба і купіць, і суп зварыць, і ў аптэку пайсці, і яго дагледзець. А як я пасля заняткаў пайду купляць, калі тады мне адразу дадому бегчы, — можа, яму, хвораму, што трэба, — ён жа і так колькі гадзін, пакуль я тут, адзін ляжыць.

— А больш у цябе нікога няма тут?

— Нікога няма.

Гаворка з настаўніцай скончылася, але ў перапынку пачалася гаворка з дзяцьмі. Усе пыталі Насцю:

— А чаму твая мама жыве не з вамі, а ў Маскве?

— Яна там давучваецца.

— Як гэта давучваецца?

— Бо яна вучылася дома, сама, у завочным інстытуце, а на ўсю гэтую восень і на пачатак зімы яна паехала трымаць апошнія іспыты і працаваць над дыпломнай працай. А калі яна скончыць усё гэта, то тады прыедзе да нас і або будзем жыць тут, або паедзем з мамай туды, куды пашлюць маму.

— А дзе твой тата?

— Мой тата памёр, калі я яшчэ зусім малая была, і я яго не памятаю.

— А адкуль вы прыехалі сюды?

— Мы прыехалі з раёна, там мая мама была настаўніца ў пачатковай школе.

— А там было добра?