Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

як машыну акружылі натоўпам яго аднакласнікі. Так, як робяць вялікія начальнікі (ён гэта некалькі разоў бачыў), ён махнуў шафёру рукой, хоць шафёр і без гэтага ўжо заварачваў машыну.

Да заняткаў было яшчэ мінут дзесяць. Серж падышоў да буфета і запатрабаваў у буфетчыцы яблык, цукерак і пернікаў на ўсе пяць рублёў.

— Нашто табе так многа? — сказала буфетчыца, выбіраючы з каша яблыкі.

— Колькі хачу, гэтулькі і купляю! — крыкнуў Серж, з арлінай гордасцю кідаючы вачыма і на буфетчыцу, і на дзяцей.

— Чаго ты крычыш? — абазвалася пакрыўджаная буфетчыца. — Я старая жанчына. Бач, які герой знайшоўся. Сам кату па пяту, а распараджаецца.

— Калі захачу, дык магу ўвесь гэты твой буфет купіць за адным разам! — гыркнуў Серж, распіхаючы па кішэнях ласункі.

У такіх выпадках заўсёды можа знайсціся які-небудзь падхалім, самы сапраўдны падлізнік. Падскочыў белабрысы Мішка, і палавіна купленых Сержам цукерак апынулася ў яго кішэні. Па дарозе ў клас Серж убачыў Насцю. З якой вялікай гордасцю ён паглядзеў на яе, на гэтую нейкую Насцечку, якая мала што калі і купляе ў буфеце, а найчасцей прыносіць сабе з дому хлеб і кілбасу ці што-небудзь падобнае.

Пачуўся званок, і Серж горда ўвайшоў у клас, з усмешкай паглядаючы на ўсіх. Сержу пачало здавацца, што ён многа зрабіў ужо для таго, каб аднавіць тое, што было за апошнія дні страчана; каб на яго пачалі глядзець як на героя, які нікога і нічога не баіцца, які за ўсіх лепшы і выдатнейшы. Яму стала спакайней на душы, але тым большая злосць да Насці мучыла яго. Ён жа ёй нічога не зрабіў такога, каб яна адчувала яго сілу і перавагу над сабою. Яна ж і дагэтуль можа думаць, што ён нічога не варт: што ў арыфметычных задачах ён вельмі слабы, што на ім асталася тая пячаць, якую паставіла на яго настаўніца словам «хуліган», што ён ніякі не герой, што ён не выдатнейшы за ўсіх і што ён і астаўся такой нікчэмнасцю, якой быў тады, калі яго стары чалавек трос на вуліцы за плячо. Так прайшлі першыя ўрокі.

Серж бачыў, што Насця на вялікім перапынку нешта паклала ў парту. Калі яна адышлася некуды, ён развязаў