Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Дык сыдзі ўбок, калі ты яго баішся, — кпліва сказаў Мішка і зарагатаў.

Сержа як падмыла кіпнем. Ён тузануў Мішку за руку і прашаптаў яму:

— Я ведаю, дзе ён жыве. Хадзем, ты толькі мне кавалак гэтага шнура дасі.

Серж ужо ведаў, што ён будзе рабіць. Мішка заўтра будзе расказваць пра яго, як пра героя, як пра смельчака, а не як пра баязліўца, якога трэслі за плячо. Белабрысы Мішка хоць і шкадаваў шнура, хоць і не ведаў, што будзе рабіць Серж, але вельмі ахвотна пайшоў са сваім паплечнікам, адчуваючы, што тут можа быць нешта для яго цікавае.

— Што ты будзеш рабіць? — запытаў Мішка.

— Я перапну шнурам у дзвярах, каб ён упаў, — растлумачыў Серж. — Ты адарвеш мне кавалак шнура.

Калі яны дайшлі да вядомага Сержу дома, Мішка сам узяўся наладжваць справу. З трухлявай дошкі ў плоце ён дастаў цвік і ўбіў яго ў вушак заўсёды адчыненых карыдорных дзвярэй. Пасля ржавай бляшкай перапілаваў шнур. Серж вырваў кавалак шнура з Мішкавых рук: яму хацелася самому дзейнічаць, а то гэта ж будзе Мішкава геройства, а не яго. Ён завязаў за цвік адным канцом шнур, а другі канец ужо сам Мішка працягнуў за вугал дома. Удвух яны схаваліся там. Шнур ляжаў на зямлі, і хто ішоў у карыдор ці з карыдора, то або ступаў на яго, або пераступаў. Найбольш шпагат пераступалі, бо на ўваходзе ў карыдор стаяла вада ад дажджоў. Лужа была не глыбокая, але кожны стараўся абысці яе бокам, паўз сцяну. Мінут дзесяць Серж з белабрысым Мішкам чакалі за вуглом, стуліўшыся, як шчанюкі, і, нарэшце, убачылі, як стары чалавек варочаўся са свайго спацыра. Ён падышоў да адчыненых карыдорных дзвярэй, паглядзеў на цёмнае акно ў сцяне побач з дзвярыма і прагуў сам сабе пад нос:

— У акне цёмна, малая недзе забавілася. Што ж такое, што яна яшчэ не прыйшла?

І ступіў цераз лужу ў карыдор, але ў той жа момант Серж з Мішкам нацягнулі шпагат. Чалавек усім размахам нагі вытнуўся аб яго і ўпаў у самых дзвярах. Ногі яго паехалі назад на двор, і нагамі і жыватом ён апынуўся ў вадзе. Пакуль ён устаў, прайшло, можа, мінуты дзве, і ў гэты момант Серж, не могучы стрымаць свае