Старонка:Corny.Nastiecka.djvu/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сержа бадай-што і не бачыў. Ён прыходзіў з працы позна, калі Серж ужо спаў, а ўставаў тады, калі Серж быў ужо ў школе. Улетку ж Серж са сваёй маці жыў у вёсцы, а бацька аставаўся адзін у горадзе.

Маці глядзела Сержа, старалася не патураць усім яго капрызам, але бывала так, што бацька адным якім-небудзь учынкам у адзін момант разбураў усё тое, чаго дамагалася маці. Сержу часамі ўздумаецца тыя дзвесце крокаў, якія аддзялялі яго кватэру ад школы, не прайсці пяшком так, як усе дзеці, а праехаць у бацькавай машыне. Маці скажа, што гэтага не трэба, што ніхто з дзяцей у школу не едзе ў машыне. А Серж пачынае плакаць і крычаць. Тады бацька, каб адчапіцца, скажа шафёру завезці яго. І Серж тады гаворыць, што бацька лепшы за маці, што бацька добры, а маці злая, і з выглядам гордага начальніка над усімі людзьмі вылазіць з машыны каля школы, тады, калі ўсе дзеці стаяць навакол і глядзяць на яго. І Серж думае, што ён лепшы за ўсіх, за ўсіх разумнейшы і мае права мець ва ўсім над усімі перавагу. І пакрысе ў ім укаранілася ўпэўненасць, што ён нейкая выдатная асоба, а ўсе перад ім нічога не варты. І калі часамі ў яго была якая-небудзь няўдача, ён злаваў і стараўся спагнаць злосць на кім-небудзь, замест таго, каб самому, сваімі сіламі, паправіць справу.

Ён хацеў, каб кожнае яго слова было законам для ўсіх, а калі хто пярэчыў яму, ён аж кіпеў ад злосці і пагражаў, што паскардзіцца свайму бацьку. А бацька яго, як ён думаў, мае права і павінен зрабіць усё, што яму, Сержу, заманецца. Серж доўга стаяў за вуглом, раздумваючы аб сваёй няшчаснай асобе. Усялякія смелыя планы складаліся ў яго галаве. Ён павінен паказаць сябе перад усімі імі. А ўсе яны — гэта былі: Насця і, перш за ўсё, той невядомы высокі стары чалавек, які, як здань, заўсёды з’яўляецца перад ім на вуліцы і ўмешваецца ў яго справы. Выбух злосці да гэтага старога апанаваў Сержам. І што такое гэтая нейкая Насця?! Што яна варта перад ім, перад Сержам? Нейкая драбяза. Чым яна такая выдатная? Вось дык гераіня! Ён хацеў не так перад ёю, як перад усім класам, паказаць сябе, а выйшла так, што быццам гэта не ён разумнейшы і важнейшы перад усімі, а яна. Яна спакойна і вытрымана працавала каля дошкі і ўзяла верх над ім, а ён сваім крыкам і самаўпэўненасцю дайшоў да таго, што яго абсмяялі. Ён пакажа ім усім — і старому, і Насці, і настаўніцы, —