Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дзень вясновы жальбы не развее,
Пакуль ёсць войнаў дзікіх пагрозы…
І пабачыў вясной на траве я
Не расу, а дзяўчыны той слёзы.

Ты не плач, толькі помні аб гэтым…
Ты не траць ні надзей, ні красы.
Час ідзе — я узрокам паэта
Слёз не бачу, а каплі вясенняй расы.

1928




Я зноў, дзе поле каласамі
Свайму паэту шле паклон…


1



Здарова, хлопцы! Як жывецца?
Не спазнаю сваёй радзімы…
Дзе ж лес шумлівы з лёгкім веццем,
Куды ў грыбы калісь хадзілі?

А вёска дзе, што там за грэбляй
Была ахілена ракітай,
Што ворага калісь не стрэльбай —
Пужала саматканай світай?

А поле, поле. Шыр бясконца.
Куды ж дзяваліся ўсе межы?
Ўсё нова тут, пад новым сонцам,
Усё для мяне тут нова, свежа…

Балоты, бачу, асушылі,
Што сінім слаліся туманам…
Якая раць, якая сіла,
3 якім прайшла тут атаманам?

І трактар, чую я, стракоча
Вось там, за ўзгоркам у даліне…
Няўжо ж сказаць хто не захоча:
«Люблю цябе, мая краіна».