Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сенажацямі, лясамі
За санямі сані самі
Сцелюць сцежку.
Сцелюць сцілем.
У разгоне белы коні
Сівы грывы
Распусцілі.
Заскрыпелі, зарыпелі
Палазы ў лазе, запелі…
Просты вёрсты
Шляхам зімнім…
А сялянам — ім не зімна
У кажусе…
Коні трусяць
Ў завірусе,
Па замеценаму следу
Едуць, едуць, едуць…
Сіні снег
Сцяжынкі сее,
Усхадзілася завея —
Вее, вее, вее…
І даліна ў белы іней —
Гіне, гіне, гіне…
І не слізка…
Блізка, блізка
Стагі сена…
Чуць прыкметны
Багны, нетры
Ў мітусенні…
Над стагамі
Жэрдзі-вежы…
А палоззі гурбы рэжуць
Падкаванымі нагамі
І мінаюць гай за гаем…
Сівагрывых чутна ржанне…
— Вы — эх! Вы — эх:
Стой!
Прыехалі!
Стажарні!

1926