Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Калі я поглядам
Прастор акіну снежны,
Каб разгадаць,
Аб чым там свішча вецер,—
Дык чую я
Спеў сумны Белавежы,
Як голасна
Там стогнуць, плачуць дзеці…

О, там зіма!
Там і вясной сцюдзена,
Ўсе скованы, як рэчкі лёдам…
Вясенняй восені
Чакаюць там штодзённа…
Жыццё бяжыць,
Знікае год за годам.

О, там зіма!
Дні не красуюць маем,
Там край украсілі
Шыпшына і быльнёг…
І толькі галаву
Лес цёмны ўздымае,
Галосяць воўкі там,
Пустэльні дзікай лог.

О цёмны лес,
О лог, палі-даліны,
Прасторы злітыя
Крывёю чорных дзён!
Ваш горды кліч
Ніколі не загіне.
Ён родзіць вам
Прыгожае жыццё.

Я ведаю,
Ваш кліч нясецца рэхай,
Што дзень, то новая
Расце ў лясах пагроза,
Там жыву —
Жыву ўсягды уцехай:
Бунтарскае крыві
Нішто не замарозіць!

1926