Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З маршам ўдаль!.. Бач, здаволены!..
— Гэй, не адстань! Шы-рай шаг!..
Песню! Плакаць даволі нам!
Камсамольцы — хлопцы-душа!..

Світкі зрэбны… палатаны…
Фабрычнага дыму пах…
Гора бачылі шмат яны,
І цяпер ім змагацца — не страх!

Не жыццё — а раздолле!..
Бо дзеці паўстаўшых краін…
Беларусь! і ты, Камсамолія!
Я, камсамолец,— твой сын!..

1924


Мілы сэрцу, дорагі і любы
Дзён мінулых грозныя паходы…
Няхай сёння ў паход затрубяць,—
Выйду першым з вогненнай паходняй.

Адпачну я, можа, на руінах,
Не шкадую ні жыцця, ні сілы…
Шлях адзін мой — згіну ці не згіну —
Бараніць, што сэрцу майму міла.

А цяпер я ў сонечным паходзе,
Песня льецца залатым струменем…
Слухай песню, вольны мой народзе,
Твой паэт цябе так разумее!..

Як і ты — і я жыву той думай,
Што мінуюць грозныя паходы…
Над людзьмі пакуль не знішчым глуму,—
Не тушы ты вогненнай паходні!..