Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Няспелым жытам сінявокім.
Як родны сын, а не чужы,
На мора траў пайду далека
3 касою вострай па мяжы.

Там ліры гук і посвіст косаў
Злучу ў адзін нячутны хор.
І на балоце след мой босы
Прыгожы вытапча узор.

Ад зморы соладка спачыну,
На сене свежым задрамлю,
Як неба ў чорную аўчыну
Зашые сонную зямлю.

Калі ж у марах мне — паэту
Пашле натхненні ціхі змрок,
Як з васількоў блакітных летам,
Спляту я з вобразаў вянок.

1922


Сенажаці і полі аснежаны,
Рэкі высланы гладкім памостам.
Воўк з гушчару дарогай няезджанай
Бяжыць к вёсцы няпрошаным госцем.

Лес у шлюбным адзенні, а хмурыцца,
Не вітае ён песнямі рання…
А у вёсках завеяны вуліцы,
Ў мяккіх гурбах купаюцца сані.

Сівалапы гуляе пад вокнамі,
Пазірае хаціне у вочы,
Толькі ў поўдзень часамі замоўкне ён,
А як вечар — у шыбы стукоча.

Дзеці пальцамі шыбы з узорамі
Размалёўваюць, тулячы плечы.
Згорнуць ў жменю сняжыначкі-зоры
І бягуць пасмактаць у запеччы.