Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мы клічам: гэй, людзі балотныя,
Свабодным будуйце свой край…
Нас сонца залье пазалотаю,—
Мы створым жыцця свайго рай!

1922


Зямлю цалуе неба сінь
Сваім чырвоным сонцатварам,
І песню ночы «ква-кум-бінь»
Пяюць мне сонныя выгары.

У высі зорак сенажаць
Вартуе месяц — дзед двурогі,
Не хоча раніцу спаткаць
І лесам хмар ідзе, бязногі.

Капліца белая, як здань,
Ў тумане плавае за вёскай,
І сонцам спужаная рань
Прысела зайцам за бярозкай.

Дзянніцы зірк на небе стух,
Вясковых хат дымяць галовы,
У лапцях з пугаю пастух
Трубою плача на каровы.

Пяе у полі хор калёс,
Як старац з ліраю разбітай…
Загоны вузкія авёс
Убраў зялёным аксамітам.

Вясёлы птушак перазвон
Гудзе на воблачнай званіцы…
Бязмоўнай цішы гіне сон,
Як сонца выплыве крыніцай.

І сыпле промень вогнесталь,
К вачам схілю сярпом далонь я
І пазіраю моўчкі ўдаль,
У шыр блакітнага бяздоння.

1922