Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Няхай гудзе віхор, няхай змятае
Збудованыя тут вякамі курганы,
Тут новы будзе край, тут волі дух вітае,—
Не дасць ён згінуць нам, гаротныя сыны.

Няхай агонь зямлі да хмар шугае!
Ад буры рушачай краіна не засне,
Паўстаўшы наш народ красу жыцця спазнае,
Як после непагод свет сонейка зірне.

Няхай грукоча гром, трашчаць пяруны,—
Хутчэй загіне сон — прачнецца чалавек.
Свабодзе гімн спяюць душы жывыя струны,
У кнізе вечных спраў адзначыць новы век.

Мы смела магутнаю сілаю
Разгонім жыцця свайго змрок
І хутка ужо над магілаю
Спляцем вечнай волі вянок.

Праз мора агню і руінамі
Народ павядзем свой туды,
Дзе воля і шчасце!.. Не згінем мы!..
Наш шлях — гэта нашы сляды.

Мы верым, узбудзіцца воляю
Дух творчы усёй грамады…
Народ наш празван і нядоляю
Крыніцай жывучай вады.

Збудуем палац да нябёс…
Мы створым жыццё невіданае,
Там будзе ўсім брацтва чаканае,
Не будзе там здзеку і слёз.

Мы першыя пойдзем к Вялікаму,
Свой шлях працярэбім грудзьмі…
Пацерпім няшчасце без ліку мы,
Каб толькі назвацца людзьмі.