Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У той бок, дзе край каханы,
Цяжка дзе жывецца.

Яны ведаюць: там бура
Гнёзды раскідае,
Поле роднае віхура
Снегам замятае.

Яны знаюць: жыць там трудна
Вераб’ю, сініцы…
А вясны чакаць як нудна!
Вясна толькі сніцца.

Але вераць, вераць птушкі,
Думка іх не згіне…
Спяюць песні-весялушкі
На сваёй краіне.

III. З выраю

Ад берагоў ракі далёкай — Ніла
Лятуць вясёлымі яны
У родны край, дзе ўсё так сэрцу міла,
Дзе сонца бліснула вясны.

«Вясна! Вясна!» Яны запелі песню,
Лятуць на родны свой загон…
Пад хмарамі спляліся птушкі цесна,
Не моўкне спеваў перазвон.

Гараць агнём пабачыць вольны нівы,
На родны узляцець прастор…
І ў ясны дзень, і ноччу палахлівай
Нясуцца шляхам вечных зор.

Цяпер нішто, нішто іх не пужае,
Забылі блукання цяжар,
Бо ведаюць — іх родны кут чакае,
Дзе сонца свеціць — волі дар.

І толькі сум, як змрок які, нахлыне,
Калі ўпадзе хто з-пад нябёс,
Агорне жаль, што мілай той краіне
Жыцця свайго ён не данёс.