Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І хаўтурным напевам стогне наш звон,
Калі шлях хто к жыццю захіляе.
І гучней, і гучней тады звон наш гудзе.
Ў хвалях звону не гасне надзея…
На кліч грамада смела, дружна ідзе, —
Шлях, што ўдар — карацей і святлее.

1921


Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар.
Я балота буджу гучным шумам.
У вадзе я жыву і абмыт дажджом хмар,
Але змоўкнуць не дам сваім струнам.

Уздыму дух людзей, прабуджу іх ад сну, —
Славу, будучнасць я ім прарочу…
Я, мяцежны бунтар, клічу жыцця вясну,
Клічу к працы свабоднай і творчай.

Як не счуюць мяне, я мацней загуду,
Дам гучнейшы акорд песні новай…
А каб змыць з зямлі бруд, скалыхну я ваду,
Што дажджом налілася свінцовым.

Чаму ж вы, песняры, што будзілі людзей,
Чуць не хочаце песні чароту?
Нашы песні — наш кліч, бо адных мы грудзей,
Край адзін наш — то наша балота.

Дык шумі, як шумеў, велікан-ясакар,
Шапаці, спелы колас, у полі…
А я песню сваю буду пець — я бунтар!
Буду клікаць народ свой да Волі.

1922